Эксперт: Дыялог ЕС і Беларусі мусіць пачацца пасля вызвалення палітвязняў
Нельга спадзявацца на тое, што ў выніку дыялогу атрымаецца хутчэй дамагчыся выхаду беларускіх палітзняволеных на свабоду.
Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў прэзідэнт Славацкага Інстытута па сувязях з грамадскасцю (Institute for Public Affairs), палітолаг Рыгор Мясежнікаў (Grigorij Mesežnikov).
Мясежнікаў: “Зразумела, для саміх палітвязняў было б лепш, калі б іх вызвалілі ўжо зараз — сёння ці заўтра. Але тым не менш для Еўрасаюза вельмі важна ў гэтай сітуацыі даць адназначны сігнал беларускаму кіраўніцтву, што без зменаў унутрыпалітычных, без захавання правоў чалавека, без вызвалення палітзняволеных доўгатэрміновы дыялог немагчымы”.
Калі еўрапейскія палітыкі пойдуць на дыялог з афіцыйным Мінскам без выканання тых умоваў, якія ЕС перад ім столькі часу “жорстка” ставіў, то такіх палітыкаў не зразумее найперш еўрапейскае грамадства, лічыць эксперт.
Нагадаем, 9 красавіка ў Еўрапарламенце прайшла канферэнцыя "Дыялог пра мадэрнізацыю з беларускім грамадствам". На ёй асобныя прадстаўнікі Еўрапарламенту выказаліся за неабходнасць дыялогу з афіцыйным Мінскам.