Эксперты: Да 2015 года Беларусь можа страціць незалежнасць

120221 Eurafokus.mp3

Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі сённяшнюю палітычную сітуацыю ў нашай краіне: ад расколу ў шэрагах беларускай апазіцыі да магчымай страты Беларуссю незалежнасці.

На думку палітолага з “Польскага інстытута міжнародных спраў” Ганны Дынэр, Захад не мае адзінай пазіцыі наконт сітуацыі ў Беларусі. З гэтай прычыны тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя Еўрасаюзам, не дзейнічаюць так, як гэтага хацелася б, і з гэтай жа ж прычыны новыя санкцыі таксама будуць малаэфектыўнымі.

Ганна Дынэр: “Калі ў дачыненні да пэўнай краіны ўводзіцца эмбарга, напрыклад на пастаўку высокіх тэхналогій ці зброі, эфектыўнасць такіх санкцыяў складае ўсяго 26 адсоткаў. У свеце існуюць такія цалкам ізаляваныя краіны, як Паўночная Карэя. Нягледзячы на санкцыі, рэжым там трывае ўжо некалькі дзесяткаў гадоў, і канца не бачна. Праблема ў тым, што Еўрасаюз вельмі хутка пераходзіў ад адной стратэгіі да іншай, і проста не хапала часу, каб гэтыя стратэгіі прынеслі плён. З аднаго боку, мы разумеем, што санкцыі неабходныя, аднак, з другога боку, яны яшчэ больш ізалююць Беларусь і зробяць яе яшчэ больш залежнай ад Расіі”. 

Наконт палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі сваё меркаванне выказаў палітолаг Павел Усаў. На думку старшыні беларускага “Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў”, пацяпленне адносінаў Еўрасаюза з беларускім рэжымам звычайна вядзе да палітычнай адлігі. Аднак як толькі Лукашэнка пачынае адчуваць небяспеку з боку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, ён неадкладна распачынае рэпрэсіі, як гэта здарылася ў снежні 2010 года. Таму аніякіх дыялогаў з рэжымам быць не павінна, — лічыць Павел Усаў.

Павел Усаў: “Праціўнікі санкцыяў кажуць, што гэтыя меры неэфектыўныя, што найбольш плёну прынясе дыялог Еўрасаюза з беларускімі ўладамі. Але што мы разумеем пад эфектыўнасцю? Для мяне гэта — змена рэжыму. А з гэтай уладай няма сэнсу размаўляць”.

 

Усаў перакананы, што Еўрасаюз не павінен чакаць, калі кіраўніцтва Беларусі пачне рабіць крокі да інтэграцыі з Еўропай, а мусіць пачаць дзейнічаць самастойна. Першае, што павінна быць зроблена, — спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі і змяншэнне для іх кошту шэнгенскіх візаў. У адваротным выпадку да 2015 года Беларусь страціць незалежнасць.

Павел Усаў: “Калі з боку Еўрасаюза не будуць зробленыя пэўныя крокі, Беларусь як незалежная дзяржава перастане існаваць. Давайце палічым, колькі існуе геастратэгічных праектаў, у якіх Беларусь удзельнічае разам з Расіяй. Такіх праектаў шэсць. І колькі супольных праектаў у Беларусі з Еўрасаюзам? Ніводнага”.

Беларускі апазіцыйны палітык Алесь Зарэмбюк па гэтым пытанні выказваецца больш аптымістычна. Ён лічыць, што вектар беларускай палітыкі можа павярнуцца да заходняга накірунку ў любы момант.

Алесь Зарэмбюк: “У Еўропе пануе фінансавы крызіс, таму Беларусь цяпер не ў фокусе яе ўвагі. Калі штосьці зменіцца і калі Еўропа запрапануе беларускім уладам канкрэтныя праекты, зменяцца і настроі ў грамадстве, і ў Лукашэнкі з’явіцца жаданне да пераменаў”.

Нагадаю, цяпер Еўрапейская камісія разглядае пытанне аб уключэнні ў спіс неўязных у Еўрасаюз наступных 135 чалавек і ўвядзенні эмбарга на пастаўкі беларускіх кампаній. У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка пагражае адказаць на санкцыі ЕС “вельмі жорстка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі