ЕС: Вызваленне Саннікава для нас — не сігнал для паслаблення санкцыяў
Умовы для змякчэння санкцый — вызваленне ўсіх палітвязняў, а для заканчэння дыпламатычнай вайны — вяртанне ў Беларусь Майры Моры і Лешака Шарэпкі.
Вызваленне з-за кратаў Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі не падштурхне ЕС да паслаблення санкцый у дачыненні да Беларусі. Пра гэта, перадаючы пазіцыю вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Кэтрын Эштан, распавядае Еўрарадыё яе прэс-сакратар Мая Качыянчыч:
Мая Качыянчыч: “Мы вельмі празрыста кажам пра тое, чаго патрабуем. На першым месцы — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных вязняў. І мы вітаем гэты першы крок — вызваленне Саннікава і Бандарэнкі. Але мы чакаем неадкладнага вызвалення астатніх. Гэта нашая стартавая ўмова. Мы рады, што двое ўжо на волі. І таму заклікаем беларускія ўлады вызваліць астатніх”.
Думкі наконт таго, што ЕС павінен рабіць тое, што робіць апошнімі днямі і тыднямі, то бок трымаць адзіную моцную пазіцыю, не рабіць саступак і “не вяртацца да сваёй ранейшай непаслядоўнасці, якую выкарыстоўваў Лукашэнка”, — прытрымліваецца і Еўрадэпутат Марэк Мігальскі.
Марэк Мігальскі: “Безумоўна, вызваленне палітвязняў — гэта крок у патрэбным накірунку, але гэтага кроку недастаткова. Еўрасаюз не аднойчы падкрэсліваў, што ўмовай дыялогу і ўвогуле сур’ёзнага стаўлення да Лукашэнкі з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў. Таму мы чакаем, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі — гэта першы крок да вызвалення ўсіх астатніх палітвязняў і вяртання да хоць нейкага супрацоўніцтва паміж Мінскам і Брусэлем”.
Не змяняюцца пасля вызвалення Саннікава і ўмовы вяртання ў Беларусь амбасадараў з краінаў Еўрапейскага саюза. Дыпламаты ці вяртаюцца ўсе разам, ці працягваюць кансультацыі ў сваіх краінах.
Мая Качыянчыч: “Кансультацыі паміж краінамі Еўрапейскага саюза наконт вяртання амбасадараў у Беларусь адбываюцца рэгулярна. Але не трэба забывацца, што адсутнасць еўрапейскіх дыпламатаў у Мінску звязаная не са зняволеннем Саннікава і Бандарэнкі, а з тым, што беларускія ўлады “папрасілі” з’ехаць з краіны на кансультацыі кіраўніка місіі ЕС і амбасадара Польшчы. Вы ведаеце, яны дамовіліся пра тое, што будуць вяртацца толькі разам. Размовы пра іх вяртанне ўвесь час вядуцца, але калі гэта адбудзецца — на жаль, я не магу вам сказаць дакладна”.
З іншага боку, Марэк Мігальскі лічыць, што вяртанне еўрапейскіх амбасадараў у Мінск нельга разглядаць выключна як дыпламатычнае пытанне.
Марэк Мігальскі: “Амбасадары не павінны вяртацца ў Беларусь, таму што там нічога не змянілася з таго моманту, як яны выехалі. Вызваленне двух палітвязняў — гэта добра, але не трэба забывацца, што іншыя палітвязні знаходзяцца за кратамі. Калі Лукашэнка хоча вярнуцца да стану, які быў перад дыпламатычным скандалам, дык ён павінен перадусім вызваліць палітзняволеных”.
Ці задаволіць ўлады такая рэакцыя Еўрасаюза на вызваленне Саннікава і Бандарэнкі? На думку палітолага Алеся Лагвінца, ва ўрадзе іншых заяваў ад Кэтрын Эштан і не чакалі.
Алесь Лагвінец: “Палёгкай для ўладаў Беларусі будзе тое, што Еўрапейскі саюз не будзе пашыраць абмежавальныя крокі. То бок, “узнагарода” за вызваленне Саннікава і Бандарэнкі — гэта часовая бяздзейнасць Еўропы”.
Крокі ўладаў да наладжвання дыялогу з Еўропай Алесь Лагвінец звязвае з чарговым пагаршэннем адносінаў з Расіяй. Маўляў, калі на Усходзе нешта нядобра, Лукашэнка заўжды пачынае дасылаць сігналы на Захад.
Нягледзячы на станоўчыя крокі, дацэнт кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Усевалад Шымаў не прагназуе хуткага паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і ЕС.
Усевалад Шымаў: “Для мяне відавочна, што гэты крок [вызваленне Саннікава і Бандарэнкі. — Еўрарадыё] быў крокам добрай волі, накіраваным на нармалізацыю адносінаў. Думаю, што ўлады будуць чакаць кроку ў адказ. Але чакаць рэзкага пацяплення ў адносінах з Еўропай, я думаю, не варта. І на крокі Мінска будуць вылучацца ўсё новыя і новыя патрабаванні”.
Усевалад Шымаў упэўнены, што корань сённяшніх праблемаў паміж Беларуссю і Еўропай палягае ў розным стаўленні да дыялогу. Беларусь робіць упор на прагматычнае супрацоўніцтва. А ў еўрапейскай палітыцы на мінскім напрамку галоўнае — еўрапейскія каштоўнасці.
Фота: profi-forex.org