Федэрацыя баскетбола: Супраць заяўкі з Літвой ні ў каго б не было шансаў

111201 Kustuski_Basketbol_site.mp3

З 18 па 21 лістапада Беларусь праінспектавала камісія міжнароднай федэрацыі баскетбола.

Камісія мусіць вырашыць, ці ў стане наша краіна прыняць жаночы чэмпіянат Еўропы па баскетболе ў 2015 годзе.


“Я думаю, што ў людзей склалася добрае пазітыўнае ўражанне пра нашу краіну. Некаторыя аб’екты іх вельмі ўразілі, уключаючы тую ж “Мінск-Арэну”, - распавядае Еўрарадыё генеральны сакратар Беларускай федэрацыі баскетбола Ігар Селюн.

На думку генеральнага сакратара, Мінск ужо зараз гатовы прыняць чэмпіянат. А Брэст і Гродна, якія таксама плануецца задзейнічаць у турніры, пакуль крыху не дацягваюць.


Ігар Селюн: “Да чэмпіянату Еўропы яшчэ 4 гады. Таму выправіць можна амаль усё. Зразумела, што галоўная праблема нашых рэгіёнаў – гасцінічная інфраструктура - безумоўна, будзе развівацца”.

Першапачаткова Беларуская федэрацыя баскетбола збіралася праводзіць  чэмпіянат разам з Літвой. Але ў апошні момант суседняя краіна адмовілася падаваць заяўку разам з Беларуссю. Адбылося гэта акурат пасля таго, як літоўскія чыноўнікі выдалі Мінску звесткі аб рахунках беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.


Ігар Селюн: “З кропкі гледжання федэрацыі баскетбола Літвы, у сумеснага праекта няма адмоўных бакоў. Калі аб’ектыўна глядзець на рэчы: шанцу супраць сумеснай заяўкі Беларусі і Літвы ні ў каго б практычна не засталося. Ну што ж, калі па незалежных ад федэрацыі прычынах сумесны праект не рэалізаваўся…”

Тым часам кантакты з літоўскай федэрацыяй не спыняюцца. Напрыклад, літоўцы дапамагалі беларусам падаваць заяўку. І нават цяпер беларускі бок штотыдзень звяртаецца да калег з суседняй краіны па розных пытаннях.

Нагадаем, галоўным канкурэнтам Беларусі ў правядзенні чэмпіянату з’яўляецца Венгрыя. А 17-18 снежня на паседжанні цэнтральнага савет FIBA Europe пройдзе галасаванне, якое і вызначыць краіну правядзення турніра.

Фота: udf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі