Фестываль “Соседний мир” пачынае адбор беларускіх гуртоў

Беларускія прадстаўнікі ўкраінскага фестывалю “Соседний мир” абвясцілі прыём заявак на ўдзел у конкурсе. Першы з пяці паўфіналаў запланаваны ўжо на 23 красавіка ў клубе “Графіці”, астатнія пройдуць там жа з інтэрвалам у тыдзень. З 3-4 гуртоў наведвальнікі канцэртаў разам з прафесійным журы, склад якога пакуль удакладняецца, будуць абіраць па адным фіналісте. Падчас фіналу, дата якога пакуль не паведамляецца, тым жа шляхам выберуць тры прызавыя месцы.


“Першае месца ― выступ на галоўнай сцэне фестывалю “Соседний мир” і бясплатны праезд у межах бас-туру, ― распавядае пра ўзнагароды арганізатар Віталь Ціхановіч. ― Другое месца ― выступ на сцэне “Солнце” ў межах канцэрта “Беларуская ноч” і 20% зніжка на бас-тур. Ну, а трэцяе месца ― проста выступ на сцэне “Солнце” падчас “Беларускай ночы”.


Заяўкі можна дасылаць на [email protected] да 20 красавіка. Удзел у конкурсе каштуе 300 тыс. рублёў з гурта. Грошы ідуць на арганізацыю адборачных канцэртаў і аплату выдаткаў на галоўныя прызы (дарога на фэст для пераможцы і зніжкі на бас-тур для 2-3-га месцаў).


Сёлета “Соседний мир” пройдзе ў крымскім горадзе Керч 26-28 ліпеня. Летась нашы гурты добра запомніліся наведвальнікам і арганізатарам фестывалю, дзякуючы “Беларускай ночы”, якая стала сапраўды гучным закрыццём оўпэн-эйра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі