Фільм “Жыве Беларусь!” рыхтуецца да пракату… ў мінскіх кінатэатрах
Крытык Андрэй Расінскі кажа, што “гэта, хутчэй, палымяная старонка з падручніка па грамадазнаўстве”, але прадракае поспех у краінах Усходняй Еўропы.
Фільм польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча ўжо чатыры разы паказвалі ў Мінску для абмежаванай аўдыторыі. Стужка ўжо паспела выклікаць рэзананс ды цікавасць у іншых еўрапейскіх краінах, заняць другое месца на чэшскім кінафестывалі Febiofest, але дагэтуль не вядома, ці можна яе будзе паглядзець кінааматарам у Беларусі.
“Цяпер мы рыхтуем дакументы, з якімі звернемся ў Белвідэапракат, ― з усмешкай распавядае сусцэнарыст Франак Вячорка. ― Натуральна, паспрабуем атрымаць пракатнае пасведчанне ў Беларусі, каб фільм паказалі ў кінатэатры “Кастрычнік”, “Перамога”, у мультыплексе “Беларусь”. Зробім гэта ўжо ў гэтым месяцы, нам будзе вельмі цікава пачуць афіцыйны адказ ад чыноўнікаў”.
На самой справе, на з’яўленне “Жыве Беларусь!” у беларускім пракаце стваральнікі фільма не разлічвае. Таму ў бліжэйшы час Франак плануе паказваць фільм падчас розных адукацыйных праграм у рэгіёнах, дыскусій пра Беларускую рэчаіснасць і г.д. Але пасля дыстрыбуцыі, дадае сцэнарыст, фільм безумоўна з’явіцца і ў сеціве, бо нехта абавязкова яго выкладзе.
“Дыстрыбуцыяй стужкі займаюцца дзве кампаніі: у Польшчы кампанія “Kino Swiat”, а па свеце — італьянцы “Intramovies”, якія маюць правы ва ўсіх краінах акрамя Беларусі. Гэта значыць, што нам нічога не замінае самім выдаць і распаўсюдзіць гэтыя дыскі пасля, няхай і не камерцыйна. Мы так і плануем зрабіць, але толькі ў верасні-кастрычніку”.
Цяпер стваральнікі “Жыве Беларусь!” рыхтуюцца да прэм’еры фільма ў Польшчы, якая адбудзецца 17 красавіка і куды “запрошаныя высокія асобы краіны”. А праз два дні пасля яе стужка выйдзе ў пракат па ўсёй тэрыторыі Польшы.
“Будзем старацца арганізаваць адмысловыя паказы для беларусаў на памежных тэрыторыях. Каб людзі, якія набылі квіткі на паказ, напрыклад, у Беластоку, маглі атрымаць візу, каб паглядзець стужку”.
Ці будзе фільм так жа шырока паказаны і ў іншых еўрапейскіх краінах, залежыць ад бліжэйшых фестываляў. Канкрэтыка пакуль трымаецца ў сакрэце, вядома толькі, што адзін з фэстаў ― буйны азіяцкі кінафорум. Пакуль негатыўныя водгукі пра фільм тычыліся выключна дэкарацый, як паказаны Мінск, Чарнобыльская зона, вайсковая частка…
“Але ж не гэта галоўнае ў фільме, ён жа не пра гарадскія краявіды, ― здзіўляецца сцэнарыст. ― Да таго, ж пазітыўных водгукаў відавочна больш!”
Кінакрытык Андрэй Расінскі магчымасць перамогі “Жыве Беларусь!” на буйных ды артхаўсных фэстах адразу адсякае. На яго думку, змест стужкі шырока можа зацікавіць толькі жыхароў Усходняй Еўропы.
“Яны будуць атаясамліваць тое, што бачаць, са сваім мінулым, ― тлумачыць сваю пазіцыю крытык. ― Цяпер зварот да гэтай памяці і ацэнка мінулага акурат актуальныя для ўсходніх еўрапейцаў. Што ж тычыцца фільма, як мастацкага твора, я бы сказаў так: гэта геаметрыя знакаў і целаў, гэта, хутчэй, палымяная старонка з падручніка па грамадазнаўстве”.
Усім жадаючым атрымаць запрашэнне на бліжэйшыя “закрытыя” паказы “Жыве Беларусь!” Франак Вячорка прапануе пакідаць каментарыі пад гэтым матэрыялам з адрасамі электроннай пошты. Інакш да наступнай восені фільм паглядзець не атрымаецца.
"Жыве Беларусь!" ― першы беларускамоўны фільм пра сучасную Беларусь, часткова заснаваны на армейскіх дзённіках моладзевага актывіста і журналіста Франака Вячоркі. Рэжысэр — Кшыштаф Лукашэвіч, вядомы па ранейшых працах “Лінч”, “Бітва Варшаўская 1920”, “Агнём і мячом” і іншых. Аператар — Вітальд Сток (Вялікабрытанія) (серыял “Закон Мэрфі”, “As if”, “The Match”). У ролях: Караліна Грушка (“Кісларод”, “Капітанская дачка”, “У жніўні 44-га”), Анатоль Кот (“Акупацыя. Містэрыі”, “Анастасія Слуцкая”, серыялы “Маргоша”, “Салдаты” і іншыя.), Зміцер “Vinsent” Папко (“Вышэй за неба”) і іншыя. Прэм’ерны паказ адбыўся на 65-ым Канскім кінафестывалі ў межах кінакірмаша 22 траўня 2012.