Фотамастачка Алена Адамчык рыхтуе кнігу “Жанчына Лівана”

Сёння адзначаецца Сусветны дзень прыгажосці. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з вядомай фотамастачкай Аленай Адамчык.

Еўрарадыё: Раскажыце, над чым вы зараз працуеце?
110909 Adamchik_site.mp3
Адамчык: Менавіта цяпер я працую над новай кнігай — “Жанчына Лівана”. Гэта вельмі цікавы праект і я даўно ўжо марыла пра гэты свет, пра гэтых жанчын. І я вырашыла, што зараз, калі я зрабіла пяць кніг, прысвечаных беларускам і жанчынам Еўропы, жанчынам Манака, мне вельмі цікавыя жанчыны з іншага свету.

Еўрарадыё: Чым яны адметныя?

Адамчык: Яны якраз адказваюць на мае пытанні. Яны, вядома, вылучаюцца. Мне вельмі цікава, каб еўрапейскія жанчыны пачыталі пра іх развагі. Яны адрозніваюцца тым, што для іх сям’я мае іншы сэнс і больш важная.

Еўрарадыё: Ці праўда, што ліванскія жанчыны ў ісламскім свеце больш разняволеныя, часта паказваюць свой твар, апранаюцца больш па-еўрапейску і больш хіляцца да еўрапейскай культуры?

Адамчык: Ліван якраз на мяжы паміж гэтымі культурамі. Мяне, вядома, вельмі ўразілі жанчыны, якія вучыліся ў Парыжы, у Вашынгтоне, а пасля вярнуліся на радзіму... Яны любяць сваю радзіму і ўсе свае веды нясуць да сябе ў краіну. Яны вельмі паспяховыя, гэтыя жанчыны, і прыгожыя, адукаваныя, але для іх на першым месцы, канешне, сям’я, дзеці. Гэта вельмі істотна. Я думаю, ёсць чаму павучыцца еўрапейскім жанчынам.

Еўрарадыё: А чаму ў еўрапейскіх жанчын могуць павучыцца ліванкі?

Адамчык: Яны не кажуць, чаму хочуць навучыцца, яны вучацца. Яны едуць у Парыж, едуць у Італію, робяць свае рэстараны на гэтых сваіх ведах. Дарэчы, у іх медыцына на вельмі высокім узроўні. Бо гэтыя жанчыны, якія займаюцца медыцынай, яны вучацца ў Еўропе, бо яны лічаць, што Еўропа дагэтуль з’яўляецца нейкім культурным асяроддзем. Яна нясе на ўвесь свет веды, навуку, культуру, мастацтва...

Еўрарадыё: Два спалучаныя пытанні. Як вам прыйшла ідэя, фатаграфаваць жанчын свету? І чаму, на вашу думку, прыгажосць асацыюецца найперш з жанчынамі, бо, на маю думку, мужчыны таксама вельмі прыгожыя?

Адамчык: Я пачну з першага пытання. Ідэя прыйшла якраз таму, што я беларуска, я нарадзілася ў Беларусі. Я заўсёды любіла прыгажосць беларускіх жанчын і я пачала іх здымаць. Першую кнігу я зрабіла пра беларусак, але ж беларускі жывуць па ўсім свеце і яны вельмі паспяховыя. Таму гэты праект пераўтварыўся ў “жанчын свету”. Гэта была якраз нейкая сувязь з беларускамі менавіта. Так з'явіўся гэты праект.

А калі я рабіла "жанчын Манака", я там сустрэла цікавых жанчын і мужчын з Лівана (гэта я адказваю на другое пытанне). Гэтыя людзі якраз мне вельмі спадабаліся. Яны мяне падтрымалі, зрабілі мне дзве прэзентацыі кнігі ў Монтэ Карла. Дапамаглі ліванцы, якраз мужчыны. Мужчыны мяне таксама цікавяць, яны замаўлялі ў мяне сесіі, я здымала іх.

Зараз, калі я была ў Ліване, мы падпісалі дамову, што гэта будзе першая кніга, прысвечаная жанчынам, наступная таксама будзе пра ліванак, а ўжо трэцяя будзе прысвечаная мужчынам. Я ўжо пачала здымаць мужчын.

Фота — aliena-adamchyk.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі