Гамельчукам пакажуць Біблію з гравюрамі Гюстава Дарэ (фота)
У Гомелі пры дапамозе царкоўных бібліятэк Гомельскай і Тураўскай епархій адкрылася выстава рэдкіх царкоўных кніг.
Рэдкія выданні і кнігі рэлігійнага зместу XVII — пачатку XX стагоддзя гамельчукі могуць пабачыць у Музеі аўтографа, які месціцца ў гарадской бібліятэцы імя Герцана.
У экспазіцыі — амаль два дзясяткі асобнікаў. Тут ёсць Бібліі і Евангеллі, творы Яна Залатавуснага, Яфрэма Сірына, святога Дзімітрыя Растоўскага, выдадзеныя ў розны час і ў розных краінах. Сярод экспанатаў ёсць Біблія 1876 года, якая з'яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю, бо мае ілюстрацыі вядомага французскага мастака Гюстава Дарэ. Яна асабліва каштоўная тым, што змяшчае не рэпрадукцыі, а сапраўдныя гравюрныя адбіткі.
Уваход на выставу вольны і наведаць яе зможа кожны ахвочы на працягу амаль месяца.