Грузінскі фэст вулічнай музыкі шукае беларускіх выканаўцаў
Прафесіяналізм і рэпертуар ― якасці другасныя, галоўнае ― маладосць, матывацыя і валоданне мовай.
18 траўня ў Тбілісі пройдзе штогадовы Фестываль вулічнай музыкі. Апроч мясцовых выканаўцаў, на ім выступяць і прадстаўнікі Беларусі! Заяўкі на ўдзел у грузінскім фэсце прымае моладзевае аб’яднанне “New Faces”. Узровень ды папулярнасць музыкаў не самае важнае, распавядае Еўрарадыё прадстаўніца кампаніі Любоў Цвілік:
“У нас ёсць анкеты, якія яны запаўняюць, і, у залежнасці ад таго, што яны напішуць, якую матывацыю для ўдзела ў праекце, мы будзем вырашаць. Што тычыцца фінансавых умоваў, то арганізатары аплачваюць пражыванне ў Тбілісі і прыбыванне там, а таксама 70% кошту квіткоў. То бок, удзельнікам давядзецца заплаціць каля 100 еўра за пералёт”.
Заяўкі прымаюцца да вечара 19 красавіка, на [email protected]. У бліжэйшы час аб’яднанне “New Faces” абярэ для паездкі аднаго журналіста і чатырох музыкаў. Прычым, не важна, будзе гэта гурт, ці чатыры асобныя выканаўцы. Галоўнае, каб яны былі не старэйшыя за 25 гадоў і хоць неяк валодалі англійскай мовай. Бо за тыдзень вакол самога фэсту (14 - 21 траўня) беларусаў чакаюць сумесныя забаўляльныя і адукацыйныя праграмы з удзельнікамі мерапрыемства з іншых краін.
Фота: xmd5a.livejournal.com