Гурт Apple Tea адсвяткуе 20-годдзе юбілейным канцэртам ды альбомам
А пасля накіруецца ў тур па Беларусі.
Джаз-бэнду Apple Tea спаўняецца 20 гадоў! Адзначаюць гэта, натуральна, канцэртам: 25-га красавіка на сцэну з п’есамі юбіляраў і ўласнымі кампазіцыямі выйдуць “Камерата”, аркестр Аляксандра Ліпніцкага, а таксама госць з Польшчы — трубач Роберт Маеўскі. Першы саксафаніст “Чаёў” Андрэй Матлін адмыслова для свята прыляціць з Нью-Ёрка.
“Наперадзе нават для нас яшчэ шмат сюрпрызаў, бо пакуль невядома, якія з кампазіцый Apple Tea падрыхтуе і аранжыруе кожны з удзельнікаў, — тлумачыць басіст гурта Ігар Сацэвіч. — Гэта будуць не толькі п’есы з новага альбома. Але я на ўсё згодны — усё роўна ўсе п’есы мае! Квіткі будуць даступныя па коштах, таму чакаем, што будзе мнагалюдна і весела!”
Да юбілейнага канцэрта Apple Tea выдадуць 6-ы нумарны альбом пад назвай “В яблочко!”. Традыцыйна вокладку для пласцінкі намалюе сябра гурта мастак Уладзімір Цэслер. А назвы для некаторых кампазіцый новага альбома музыкі па завядзёнцы прыдумалі разам са сваімі прыхільнікамі падчас канцэртаў. Але адна з п’ес пакуль так і засталася безназоўнай. Apple Tea неўзабаве выкладуць яе на сайце Еўрарадыё, каб назву прыдумалі нашы слухачы. Сачыце за нашымі конкурсамі!