Гурт Re1ikt падрыхтаваў экскурсію па сваім мінулым
Музыкі знайшлі ў архівах фоткі з першых выступаў і рэпетыцый у 1999 годзе. Слайд-шоў суправаджаецца рарытэтнымі касетнымі запісамі.
Гурт Re1ikt падрыхтаваў экскурсію-перфоманс па гарадах і месцах, дзе музыкам давялося жыць, запісваць альбомы і выступаць. На думку каманды, сучасныя аматары рок-музыкі, а з імі і некаторыя музыкі, маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра сапраўднае жыццё рокераў. Усе думаюць, што яно “вельмі звычайнае, роўнае і без падзеяў: адыграў канцэрт, парэпетаваў, запісаў дыск, прэзентаваў, і ўсё па коле. А гэта зусім не так!”
“Мы робім такую невялікую экскурсію у наша мінулае, ― тлумачыць ідэю бубнач гурта Аляксандр Дзямідзенка. ― Пакажам нашы архіўныя фота часоў Светлагорска, Гомеля. Распавядзём, як мы рэпетавалі ў вёсцы, куды трэба было ехаць на ровары 8 кіламетраў, у пад’ездах, сутарэннях, сушылках. Прыгадаем часы, калі не было такіх умоваў, што ёсць цяпер, і з інструментамі, і з прасоўваннем, і з памяшканнямі. Пакажам першыя нашы канцэрты, як мы выглядалі, як мы думалі, што трэба выглядаць… Пад гэта ўсё будзем ставіць нашы архіўныя запісы, яшчэ зробленыя на касеты”.
Першы, закрыты паказ, адбудзецца ў межах штогадовага “Фэста экскурсаводаў”. А 4 траўня Re1ikt дасць сольны канцэрт у галерэі Newday, дзе паўторыць экскурсію ў сваё мінулае.
Некалькі фотак з архіву музыкаў і будучай экскурсіі: