Ізраільскія журналісты: Чаму беларусы не хочуць сябе рэкламаваць!?

Група ізраільскіх журналістаў, якія прадстаўлялі такія вядомыя выданні, як Haaretz Daily Newspaper, The Jerusalem Post і розныя інтэрнэт-парталы тыдзень знаёміліся з агратурызмам у Беларусі.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску, яны шмат казалі пра тое, як ім спадабаліся беларускія краявіды і гасціннасць беларусаў. Прысмакі, якімі іх частавалі, да прыкладу, на кулінарным фестывалі “Мотальскія прысмакі”, і вясковы самагон. Але адзначылі адсутнасць паказальнікаў на дарогах на англійскай мове, слабы прыдарожны сервіс. І яшчэ неразуменне асобных беларусаў, навошта ім рэкламаваць сябе, удзельнічаць у нейкіх турыстычных праектах і гэтак далей. На гэта звярнуў увагу рэдактар партала IzRus Аляксандр Гольдэнштэйн.

Аляксандр Гольдэнштэйн: “Мы часта сутыкаліся з адчуваннем, што людзі проста не разумеюць, навошта ўдзельнічаць у нейкіх праграмах, навошта тлумачыць людзям, што ў іх і як. Мы не бачылі не тое што паказальнікаў па-англійску на дарогах, але англамоўным журналістам выдалі турыстычныя брашуры і рэкламкі па-беларуску. Навошта так марнаваць паперу? Я разумею, што дрэваў у вас шмат, але ўсё адно шкода. І вось такі дысананс паміж гасціннасцю, шчырасцю і жаданнем дапамагчы і поўным неразуменнем, навошта мы тут”.



Дарэчы, як распавёў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга, летась нашу краіну наведала прыкладна столькі ж ізраільцян, колькі беларусаў з'ездзіла на зямлю запаветную.

Чэслаў Шульга:
“Летась крыху больш за 10 тысяч грамадзян Ізраіля наведалі Беларусь. Каб быць дакладным, гэта — 10 тысяч 21 турыст. А тых беларусаў, хто з турыстычнымі мэтамі наведаў Ізраіль, — 9986 чалавек”.

Для параўнання: летась Польшчу наведала ў 3 разы больш турыстаў з Ізраіля, чым Беларусь. А Літву — амаль у 5 разоў больш. Чэслаў Шульга распавёў, што цяпер у нас распрацоўваюць планы стварэння камбінаваных тураў. Каб турыст з Ізраіля, які прыехаў у Літву, на адзін-два дні завітаў і ў Беларусь.




Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, наколькі верагодна, што пры сённяшніх коштах на беларускую візу турыстаў з Ізраіля прывабяць такія туры. Паводле логікі чыноўніка, калі ехаць у Беларусь на тыдзень — то віза выглядае не такой дарагой.

Чэслаў Шульга: “Калі казаць пра Ізраіль, то працягласць наведвання ў нас іх турыстаў 7-8 дзён. Гэта не так “кусача”, я маю на ўвазе кошт візы. Але калі суседзі прыязджаюць на паўтара-два дні, і віза каштуе 50-60 ці больш долараў, а ў аэрапорце і яшчэ вышэй, калі гэта непрадбачаны прыезд, то гэты кошт адбіваецца на выбары: ехаць у Беларусь ці якую іншую краіну”.

І расказаў пра тое, што цяпер іх міністэрства вядзе перамовы з айчынным МЗС па пытанні змяншэння коштаў віз. Кажа, ёсць спадзяванні, што да іх меркавання прыслухаюцца.

Надзею на гэта выказаў і амбасадар Ізраіля ў Беларусі Эдуард Шапіра. Праўда, дадаў, што чакаць, пакуль нешта зменіцца ў Беларусі, іх Міністэрства замежных спраў не хоча. І шукае магчымасці самастойна павялічыць колькасць беларускіх турыстаў, якія выберуць для свайго падарожжа Ізраіль.



Эдуард Шапіра: “Для турыста значны кошт візы стварае пэўныя цяжкасці. І віза ў Беларусь у некалькі разоў даражэйшая за візу ў Ізраіль. І Дзяржава Ізраіль прапанавала праект па адмене консульскіх унёскаў. Гэта не адмена віз, а прапанова зрабіць візы бясплатнымі. Гэты праект зараз разглядаецца. Але я спадзяюся, што хутка будзе ўвогуле адменены візавы рэжым”.




Чэслаў Шульга выказаў аптымістычную надзею, што цягам аднаго-двух гадоў у Беларусь будзе прыязджаць у 2-3 разы больш турыстаў з Ізраіля, чым цяпер. Але на думку галоўнага рэдактара ізраільскага інфармацыйнага агенцтва “Курсор” Макса Лур’е, нават змяншэнне кошту беларускай візы гэтым надзеям спраўдзіцца не паспрыяе.

Макс Лур’е: “Рэч не ў саміх візах, а ў фармальнасцях і працэдурах. Калі даводзіцца выбіраць паміж краінай, дзе трэба ісці ў амбасаду, падаваць дакументы, удзельнічаць у фармальнасцях, нават калі гэта праз турагентаў робіцца і яны бяруць на сябе частку фармальнасцяў — то навошта мне гэта трэба, калі я магу паехаць у іншую краіну, дзе няма візавага рэжыму?! Пасля адмены візавага рэжыму з Расіяй у нас турыстычныя патокі выраслі ў чатыры разы”.



На развітанне амбасадар Эдуард Шапіра выказаў спадзяванне, што следам за Расіяй, з якой у Ізраіля візавага рэжыму няма, і Ўкраінай, дзе яго хутка не будзе, тое ж чакае і Беларусь.



Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі