Каля 20 дэпутатаў да гэтага часу не з’ехалі са службовых кватэр

121112_luka6uk_haty.mp3

Ужо 27 дзён дэпутаты парламента з рэгіёнаў жывуць ў гатэлі “Планета”. І гэта, прызнаецца Аляксандр Юркевіч, "напружвае".


Аляксандр Юркевіч: “Напружвае, безумоўна, змена ўмоў: тых, у якіх чалавек жыў і ў якія трапляе новыя”.


Праўда, адразу ўдакладняе, што на працу ў парламенце гэта не ўплывае. Маўляў, у кожнага дэпутата ноўтбук, а ў гатэлі — інтэрнэт, і папрацаваць увечары, калі ўзнікне неабходнасць, магчымасць ёсць.


Як даведалася Еўрарадыё, у “Планеце” пасялілі 64 з 89 дэпутатаў-рэгіяналаў. Хтосьці, як “докшыцкі” дэпутат Уладзімір Андрэйчанка, мае кватэру ў сталіцы, хтосьці спыніўся ў сваякоў. Але і 64 чалавекі — не мала, калі іх засяліць у гатэль, дзе нумар каштуе каля 100 долараў у суткі.


Такім чынам, толькі за гэтыя 27 дзён на аплату пражывання дэпутатаў у “Планеце” пайшло звыш 170 тысяч долараў! Гэта пры тым, што для парламентарыяў ёсць службовае жытло! Кватэры ў двух “дэпутацкіх” дамах у цэнтры і некалькі асобных кватэр у Паўднёва-Заходнім мікрараёне. Няўжо “старыя” дэпутаты да гэтага часу не з’ехалі?


“У нас была дамова: здаць жыллё да 1 лістапада. Да прыкладу, я раней за прызначаны час — 11 кастрычніка — здаў сваю кватэру. Здаў у добрым стане. Можа, "касметыку" толькі навесці — і жыві”, — распавядае Еўрарадыё экс-дэпутат Уладзімір Маёраў.


Тое, што дэпутаты ахайна ставяцца да службовага жытла, пацвярджае намеснік начальніка “Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення” Упраўлення справамі прэзідэнта Уладзімір Круглянін. Там, нібыта, і асаблівага рамонту не трэба.


Уладзімір Круглянін: “Я б не сказаў, што там нейкія рамонтныя працы ідуць. У нас дэпутаты ўсе свядомыя і не грамяць пасля сябе, як некаторыя грамадзяне, памяшканні”.


Тым не менш карэспандэнту Еўрарадыё не дазволілі на ўласныя вочы паглядзець, у якім стане кватэры ў доме, што ў Казарменным завулку, пакінулі іх ранейшыя жыхары. Паведамілі, што рамонт усё ж патрэбны.


Да  15 кастрычніка выехаў з дома ў Казарменным завулку Алег Вялічка, тады ж развітаўся са сталічным жыццём і Анатоль Глаз. А новыя дэпутаты ўжо нават цягнулі жэрабя — каму і ў якой кватэры жыць.


Анатоль Глаз распавёў пра гэту працэдуру: “Пяць ступеняў абароны: па абласцях, па алфавіце, потым зноў па алфавіце — ці зверху ўніз, ці знізу ўверх… Там падрабіць нічога немагчыма”.


Былому старшыню Пружанскага райвыканкама Аляксандру Юркевічу пашанцавала — будзе жыць у цэнтры, у Казарменным завулку. Але калі ён і яго калегі змогуць засяляцца, намеснік начальніка ГГУ Уладзімір Круглянін не ведае.


Як стала вядома Еўрарадыё, да гэта часу не вызвалілася каля 20 з 60 “дэпутацкіх” кватэр дома ў Казарменным. Нібыта таму, што крайнім тэрмінам выезда ў адных дэпутатаў стаяла 1 лістапада, а ў іншых — 1 снежня. На пытанне, чаму такая няроўнасць, прадстаўнік “Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення” адказвае каротка: “Без каментароў”.


Дэпутаты папярэдніх скліканняў таксама чакалі службовых кватэр — ад 3 да 7 месяцаў. Калі і зараз будзе нешта падобнае, то на пражыванне ў гатэлі 64 дэпутатаў будзе патрачана крыху менш за 600 тысяч долараў. А гэта — амаль 6% ад тых 10,5 мільёна долараў, якія закладзеныя на фінансаванне Палаты прадстаўнікоў на 2013 год.

       А гэта дом праз дарогу, на яго глядзяць вокны "дэпутацкіх" кватэр...

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі