Камп’ютарная крама: Вінчэстары падаражэлі ў 2-3 разы

111110 Eurafokus.mp3

“Зараз на складах ёсць вінчэстары, іх можна свабодна набываць. Але цэны ўжо іншыя, цэны ў 2-3 разы ўзляцелі. Спачатку склады апусцелі, а потым запоўніліся, але па новых коштах”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўнік крамы “Нікс”.


Паводле яго словаў, нехта паспеў закупіцца па старой цане. За вінчэстар, які пару тыдняў таму каштаваў 40 долараў, зараз прыйдзецца заплаціць ў 2,5 разы больш.

Супрацоўнік крамы “Нікс”: “Пастаўшчык проста дае вельмі вялікія цэны. А канчатковыя прадаўцы працуюць не ў вялікі плюс, бо кошты і так вельмі высокія”.

Дырэктар камп'ютарнай крамы “Стары дом” Алена Шайко кажа, што цэны на вінчэстары падняліся… толькі на 8-12 працэнтаў.

Алена Шайко: “Недзе кошты падняліся на 8-12 працэнтаў. Літаральна 1-2 дні, як падняліся цэны, а цяпер спыніліся. Думаю, хутка нават пачнуць вяртацца на сваё месца”.

У той жа час Алена Шайко не выключае, што з-за павышэння коштаў праз нейкі час беларусы адчуюць недахоп вінчэстараў.

Алена Шайко: “Калі раней закупачная цана “тэрабайтніка” была каля 98-100 долараў, то сёння маскоўскія пастаўшчыкі выдаюць 135-145 долараў. Нават мы не бярэм: навошта набываць? Мы таксама чакаем, калі яны знізяць кошты. Можа, будзе нейкі дэфіцыт”.

Цікава, што іншыя краіны паводка ў Тайландзе чамусьці закранула не так моцна, як Беларусь ці, напрыклад, Расію.

“Калі браць нашу краіну, то цэны падскочылі ў 2-3 разы; калі браць у цэлым па свеце, то працэнтаў на 70-80. У нас падняліся больш, чым ва ўсім свеце. Тут усё проста: бізнэс і нічога асабістага”, — адзначае ў размове з Еўрарадыё супрацоўнік крамы “Альфакан” Зміцер.

А вось у краме “Альдэрамін” новых паставак пакуль не было і бліжэйшым часам, здаецца, не будзе.

“Альдэрамін”: “Пастаўкі спыніліся, а кошты папаўзлі ўверх. Прыкладна да вясны не чакаецца новых паставак. І мы не цешым сябе надзеяй”.

Тым часам падаражэнне HDD-дыскаў можа зрабіць больш папулярнымі SSD-дыскі, якія звычайна ў некалькі разоў даражэйшыя за жорсткія.

Фота: sfexaminer.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі