Карагін: Моладзь хоча працаваць у КДБ, а не ствараць свой бізнес

У лютым 2011 года старшыня саюза прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін наведаў шмат беларускіх гарадоў, сярод іх – Магілёў, Маладзечна, Бабруйск, Рагачоў, Жлобін, Ашмяны, Гродна, Смалявічы. Пра свае ўражанні ад паездкі ён распавёў журналістам.


Карагін: “У мяне вельмі цяжкае ўражанне пасля паездкі. У мінулым годзе я таксама аб’язджаў усе гарады… Але сёлета як ніколі адчуваецца прыгнечанасць – у людзей далёка не аптымістычны настрой. Неверагодны страх разліты ў грамадстве. Я хачу падкрэсліць, што такога напружання, як сёння, раней не было. Неверагодны напал і напружанне…”


Пра станоўчыя прыклады бізнесу, нават калі яны ёсць, людзі расказваць не жадаюць. Даходзіць да таго, што няма каму ўдзельнічаць у конкурсе “Лепшы прадпрымальнік краіны”, кажа Карагін:


“Да мяне часта звяртаюцца з просьбай прывесці станоўчыя прыклады прадуктыўнага прадпрымальніцтва. У мяне ёсць добрыя прыклады. Але калі б вы ведалі як мяне ўмаляюць усе прадпрымальнікі не называць іх, не паказваць, не свяціць... “Дайце нам працаваць. Мы баімся”... Сёння праходзіць конкурс “Лепшы прадпрымальнік краіны”. Тысячы цалкам вартых структур адмаўляюцца ў ім удзельнічаць”.


Уладзімір Карагін лічыць, што песімістычны настрой прадпрымальнікаў можа быць звязаны з завышанымі чаканнямі ад Дырэктывы №4.


31 снежня кіраўнік краіны падпісаў дырэктыву №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці”. Меркавалася, што дакумент павінен лібералізаваць эканоміку. Але па словах Карагіна, калі тое адбудзецца – яшчэ пытанне:


“Прыйшоў студзень, і ўсе бачаць, што да выканання дырэктывы пройдзе цэлы год… Толькі ў сферы цэнаўтварэння трэба адмяніць каля 1000 нарматыўных актаў. Усяго больш за 5000 законаў і ўказаў трэба перарабіць, каб дырэктыва запрацавала ў бліжэйшыя гады. Прадпрымальнікі разумеюць, што запрацуе гэта толькі ў 2012 годзе, але яшчэ невядома, як…”.


Больш за тое, дзяржава працягвае парушаць патрабаванні Дырэктывы, мяркуе Карагін.


Карагін: “Прадпрыемствам любой формы ўласнасці працягваюць навязваць колькі вырабляць і чаго…”


Вось такі дакумент атрымалі ў Саюзе прадпрымальнікаў. І гэта ў той час, калі старшыня камітэта Дзяржкантролю кажа, што ніхто не дае кантрольных паказчыкаў прыватным прадпрыемствам.


“У гомельскай вобласці адбываецца абзвон усіх прадпрыемстваў і кажуць – 90% тавараў у крамах павінны быць вытворчасці гомельскай вобласці. Ні ў якім разе не ўздумайце закупіць тавары з іншай вобласці. У нас ёсць запісы гэтых званкоў”, – расказаў пра парушэнні Дырэктывы Уладзімір Карагін.


Як вынік, у апошні час усё больш скарачаецца колькасць жадаючых ствараць свой бізнес, адзначыў Карагін:


“Калі раней ва аўдыторыях на пытанне “хто хацеў бы мець уласны бізнес?”, руку падымалі 50-60 адсоткаў. Сёння са ста чалавек толькі 10-15 выказваюць жаданне браць на сябе гэтыя цяжкасці”.


Па словах старшыні Саюза прадпрымальнікаў, моладзь хоча ісці ў кантрольныя органы, МУС, КДБ, Мытны камітэт...

Нагадаем, што 2 сакавіка ў Мінску адбудзецца Усенародны сход прадпрымальнікаў “Асамблея дзелавых колаў Беларусі”. Удзел у ім возьмуць больш за 350 прадпрымальнікаў краіны. На асамблеі назавуць лепшы горад для бізнеса ў Беларусі, а таксама агучаць 10 крокаў для вырашэння праблем прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі