Кары Хейкіля ўжо не галоўны трэнер мінскага "Дынама"

Рашэнне пра адстаўку Хейкіля было прынятае 12 кастрычніка на пазапланавым паседжанні Назіральнага савета хакейнага клуба. На ім прысутнічалі старшыня савета Юрый Бародзіч, памочнік кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ігар Заічкоў, міністр спорту Алег Качан, старшыня федэрацыі хакею Яўген Ворсін. Было запрошанае і кіраўніцтва ХК "Дынама".

Вынікі старту "Дынама" ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ былі прызнаныя незадавальняючымі, была падтрыманая прапанова кіраўніцтва клуба аб адстаўцы галоўнага трэнера, фінскага спецыяліста Кары Хейкіля.

Выконваць абавязкі настаўніка дынамаўцаў будзе Аляксандр Андрыеўскі. З Чэхіі тэрмінова выкліканы былы галоўны трэнер дынамаўцаў Марэк Сікора, які стане кансультантам у трэнерскім штабе, інфармуе сайт ХК "Дынама".

Нагадаем, што Хейкіля са жніўня 2011-га ачольвае таксама нацыянальную хакейную зборную Беларусі. Ці ўтрымаецца ён на гэтай пасадзе, пакуль невядома.

Мінскае "Дынама" за час выступлення ў Кантынентальнай хакейнай лізе ўзначальвалі 7 галоўных трэнераў: Пол Гарднер (2008), Джым Х'юз (2008), Васіль Спірыдонаў (2008-2009), Глен Хэнлан (2009), Аляксандр Андрыеўскі (2009-2010), Марэк Сікора (2010-2012), Кары Хейкіля (з красавіка да кастрычніка 2012-га).


Кары Хейкіля: Пра крытыку з боку Лукашэнкі не ведаў (аўдыё+відэа)

На здымку: Кары Хейкіля і Яўген Ворсін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі