Кіраўнік Беларусі супакойвае: пра другую АЭС ён сказаў паўжартам
Пытанне будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі пакуль неактуальнае.
Такую заяву сёння зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання рэгіёнаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Паводле яго словаў, аказваецца, раней ён сказаў паўжартам, што "някепска было б... пабудаваць другую АЭС" і каб Расія дапамагла тэхналогіямі.
"Калі б на ўмовах, як Расія ў нас будуе гэтую станцыю, была б пабудавана яшчэ адна атамная станцыя на другой пляцоўцы (у Магілёўскай вобласці), мы б былі значна больш заможнымі, таму што мелі б поўную энергетычную бяспеку, знікла б залежнасць па электраэнергіі", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што інвестарам маглі б быць не толькі расіяне, але і "японцы, карэйцы, французы з немцамі, амерыканцы".
Фота — grodnonews.by