Кіраўнік Еўрапарламента заклікае вызваліць беларускіх палітвязняў

Яны абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі. Па выніках сустрэчы Марцін Шульц зрабіў заяву.

Ён выказвае сваё узрушэнне пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі ў галіне правоў чалавека і палітычных свабодаў. Кіраўнік Еўрапарламента заклікае вызваліць Сяргея Каваленку, які галадае за кратамі. Беларускія ўлады будуць мець акрываўленыя рукі, калі ён памрэ, адзначае Марцін Шульц. Таксама ён заклікаў афіцыйны Мінск вызваліць і рэабілітаваць іншых палітвязняў.

Шульц паўтарыў свой асабісты зварот да Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Ён заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Заява старшыні Еўрапарламента Марціна Шульца:

"Я ўзрушаны тым, што сітуацыя з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі пагаршаецца.

Працяглая галадоўка зняволенага ў турму актывіста апазіцыі Сяргея Каваленкі дэманструе парушэнне дэмакратычных прынцыпаў і пагарду да прававых нормаў.

Жыццё Каваленкі знаходзіцца пад пагрозай праз галадоўку, распачатую пасля яго несправядлівага зняволення. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго і прадаставіць яму неабходную медычную дапамогу.

Калі ён памрэ, рукі беларускіх уладаў будуць акрываўленыя.

Я паўтараю свой заклік вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, уключна з двума былымі кандыдатамі ў прэзідэнты Мікалаем Статкевічам і Андрэем Саннікавым, выбітным праваабаронцам Алесем Бяляцкім, актывістамі апазіцыі Дзмітрыем Бандарэнкам, Мікалаем Аўтуховічам, Змітром Дашкевічам і інш.

Я таксама хацеў бы паўтарыць маю асабістую просьбу да Прэзідэнта Лукашэнкі — памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія знаходзяцца ў камеры смяротнікаў у сувязі з тым, што Вярхоўны Суд Беларусі зацвердзіў іх прысуд. Мы выступаем супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах і заклікаем Беларусь, апошнюю еўрапейскую краіну, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, увесці мараторый на вышэйшую меру пакарання.

Еўрапарламент агучыць сваю глыбокую заклапочанасць па гэтых пытаннях у рэзалюцыі ў чацвер. Мы глыбока шкадуем, што пазіцыя ўладаў замарозіла адносіны паміж Беларуссю і ЕС.

Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць лепшага. Еўрапарламент падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя імкненні беларускага народу і заахвочвае афіцыйны Мінск прыняць прапанову ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму для сваіх грамадзян".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі