Кіроўцу, які збіў школьніка, далі 4 гады калоніі-пасялення
Таксама Андрэя Забабуру пазбавілі правоў кіроўцы на 5 гадоў, а адміністрацыю школы абавязалі выправіць сітуацыю з праездам машын каля будынка ўстановы.
Такое рашэнне прыняў суд Фрунзенскага раёна. Адвакат Андрэя Забабуры пасля абвяшчэння прысуда паведаміў журналістам, што не згодны з ім і лічыць вельмі суворым.
“Ці я згодны з выракам? Не, не згодны. Як не згодны з ім і мой падабаронны. Гэта відавочна, я адмыслова размаўляў аб гэтым з ім. Калі лічыць, што Забабура насамрэч парушыў правілы дарожнага руху, і менавіта тыя, якія маюць наўпроставую сувязь з тым, што адбылося, то і ў гэтым выпадку я лічу вырак дастаткова суворым”.
Пацярпелыя сваё стаўленне да выраку не выказалі. Размаўляць з журналістамі даручылі сваёй адвакатцы. Яна паведаміла, што для сям’і Уладзя Груддзева працэс даўся цяжка.
“Мой бок пакуль не выказаў сваё меркаванне на гэты конт. Яны таксама цяжка перажываюць у тым ліку і гэты дзень. Для іх гэта таксама вялікая доля стрэса. Бо яны адчуваюць свой удзел у лёсе гэтага чалавека”.
Нагадаем, трагедыя адбылася 13 лістапада 2012 года. Дзевяцігадовы Уладзь Груддзеў пасля завяршэння урокаў (трэцякласнік вучыўся ў другую змену) на пляцоўцы перад школай гуляў з сябрамі ў даганялкі. Хлопчыкі бегалі адзін за адным. У нейкі момант Уладзь выбег на праезд для аўтатранспарту, дзе трапіў пад колы машыны Андрэя Забабуры.
Пасля здарэння Забабура не быў затрыманы. Ён сам пазваніў у міліцыю і паведаміў аб трагедыі, расказаў, што гэта менавіта ён быў за рулём аўтамабіля, пад колы якога трапіў Уладзь Груддзеў. Таксама ён выплаціў сям’і школьніка 200 мільёнаў рублёў. Пазней кіроўца быў змешчаны ў СІЗА. Суддзя Юлія Блізнюк патлумачыла гэта тым, што Забабура “не выканаў абавязкі, ускладзеныя на яго следствам”.
Суд над Андрэем Забабурам пачаўся 11 лютага 2013 года і працягваўся тры дні. Яго абвінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое стала прычынай смерці чалавека. Кіроўца сваёй віны не прызнаў. Падчас працэсу настойваў, што лічыў магчымым праехаць пад знак “Рух забаронены”. Матываваў гэта тым, што падвозіў да школы сына. Паведаміў таксама, што у ваколіцах школы было вельмі цёмна і ён проста не бачыў дзяцей.
Кіраўніцтва школы №23 падчас працэсу паведаміла, што адміністрацыя навучальнай установы неаднаразова звярталася ў гарвыканкам і ДАІ з просьбай усталяваць шлагбаум. Гэта б не дазволіла машынам бацькоў заязджаць на яе тэрыторыю. Аднак усе просьбы былі адхіленыя. Прычынай чыноўнікі называлі завяршэнне будаўніцтва школы і адсутнасць грошай.
Пракурор запатрабавала пакараць Забабуру чатырма гадамі калоніі-пасялення. Адзначыла таксама, што абвінавачаны не прадэманстраваў раскаяння. Маці загінулага хлопчыка, якая прысутнічала на ўсіх трох днях працэсу, з журналістамі не размаўляла. Яе адвакат у заключнай прамове не агучыла просьбы пакараць кіроўцу нейкім канкрэтным чынам.
Праз тры месяцы, якія прайшлі ад моманту трагедыі, ля школы нумар 23 часткова з’явілася агароджа, уезд перагароджаны брамай. Пастаўлена некалькі ліхтароў.