Крэдыты, што атрымала Беларусь, размясціліся... на рахунках замежных банкаў
Еўрарадыё разабралася, ці выгадна выкарыстоўваць крэдыты на папаўненне золатавалютных рэзерваў.
Аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму: амаль 8 мільярдаў долараў. Праўда, папоўніўся ён у асноўным за кошт крэдытаў.
Ці выгадна, што крэдыты асядаюць у ЗВР, а не працуюць на эканоміку? У Нацбанку кажуць, што папоўніць золатавалютны запас – галоўнае!
Нацбанк: “Як правіла, усе грошы, якія мы цяпер атрымліваем за продаж дзяржаўнай уласнасці, атрымліваем крэдыты – яны ідуць толькі на папаўненне золатавалютных рэзерваў, таму што гэта першасная дзяржаўная задача”.
Нагадаю, за 2011 год рэзервы павялічыліся на 2,885 мільярда долараў, або больш чым на 57%. У снежні гэтаму паспрыяў крэдыт Антыкрызіснага фонда ЕврАзЭС, а таксама крэдыт Сбербанка Расіі і Еўразійскага банка развіцця, гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацбанка.
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што гэтым грошам можна знайсці лепшае прымяненне.
Заіка: “Я, праўда, не разумею, навошта грошы за “Белтрансгаз” змяшчаць у золатавалютныя рэзервы. Гэта ж 10 аўтамабільных заводаў, якія мы маглі б пабудаваць і пасля закідваць Казахстан, Узбекістан, Туркменістан і г.д. аўтамабілямі. Якімі заўгодна, хаця б ё-мабілямі…”
Эканаміст Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Аляксандр Гатоўскі кажа, што і не павінны грошы, якія не зарабілі, траціць унутры краіны.
Гатоўскі: “Замежныя крэдыты прыходзілі да нас у 2009-2010 годзе. Гэтыя грошы ў выглядзе беларускіх рублёў Мінфін здымаў з рахункаў Нацбанка і скідваў у дзяржаўныя праграмы – па падтрымцы сяла, будаўніцтва і г.д. Гэта выклікала залішнюю грашовую прапанову ўнутры эканомікі, якая рэалізоўвалася ў закупцы дадатковага імпарту. Таму ў нас было адмоўнае сальда. Калі мы не хочам “перакульваць” наша сальда цяпер, мы не павінны грошы, якія мы не зарабілі, траціць унутры краіны! Таму што ўсё адно гэта прывядзе да пакупкі імпартных тавараў!”
Па словах Аляксандра Гатоўскага цяпер Нацбанк папоўніў ліквідную частку рэзерваў, што азначае – грошы ляжаць не ў залатых злітках, а на рахунках замежных банкаў. Валютны крызіс у 2011 годзе здарыўся шмат у чым з-за таго, што ліквідных грошай у рэзервах не было!
Гатоўскі: “Таксама былі прыстойныя золатавалютныя рэзервы, але ліквідных грошай на рахунках у іншых банках было ўсяго каля мільярду. І як толькі ўзнікла пытанне з аўтамабілямі, павялічыўся ціск на валютны рынак – гэта адразу ж пераккуліла наш валютны рынак! У Нацбанка проста не было нармальнай ліквіднасці, каб пакрыць ажыятаж”.
Добра, што мы засцераглі сябе з дапамогай крэдытаў, але ж іх давядзецца аддаваць, і з працэнтамі! А ўжо сёння працэнты па крэдытах – трэці радок у бюджэце Беларусі.