За дзень у скрыні ахвяраванняў “Хатыні” збіраецца 20 тысяч

120410 Nasta Kurgan.mp3

“Людзі прыязджаюць у кавярню, якая не належыць "Кургану Славы". Але яны туды едуць, карыстаюцца, натуральна, пакідаюць смецце. А смецце прыбіраем мы, бо тэрыторыя належыць нам. Кветкі высаджваем, каб было прыгожа. Гэта ўсё выдаткі”, — скардзіцца Еўрарадыё дырэктар мемарыяльнага комплекса “Хатынь” Артур Зельскі.


“Курган Славы” з’яўляецца філіялам мемарыяльнага комплекса “Хатынь”. Як даведалася Еўрарадыё, у мінулым годзе на ўтрыманне ўсіх комплексаў пайшло каля 2-х мільярдаў рублёў (250 тысяч долараў!).


З 20-га сакавіка ўваход на “Курган Славы” зрабіўся платным. Квіток для дарослых каштуе тры тысячы, для дзяцей — паўтары тысячы рублёў. Такое новаўвядзенне выклікала шквал абурэнняў. Але Артур Зельскі называе суму сімвалічнай.


Артур Зельскі: “Тры тысячы — гэта і ёсць чыстая дабрачыннасць. Проста за яе мы выдаем чэк. У адрозненне ад скрыні, куды кінуў 10 рублёў, а можа быць і не кінуў, а падабраў паперку смецця і кінуў. Такое таксама сустракаецца!”.


Добраахвотна ж грошы людзі не пакідаюць, скардзіцца дырэктар “Хатыні”: “…хоць бы якую капейку прапанавалі, дапамогу. На "Хатыні" стаіць скрыня для ахвяраванняў, гадамі стаіць. І яна вельмі слаба, шчыра кажучы, папаўняецца. Нават у самыя пікавыя летнія дні — 20 тысяч у дзень… Гэта што, шмат? Па 10-20 рублёў кідаюць”.


Грошы за ўваход пойдуць на прыбіранне тэрыторыі, пакос і паліў травы і г.д. Еўрарадыё пацікавілася, колькі каштуе паліць увесь курган. “Гэтага я вам не магу нават прыблізна сказаць”, — адказвае Артур Зельскі. Бо вада — бясплатная.


Артур Зельскі: “Мы ж не за ваду плацім. Калі спякотны сезон, вы цудоўна разумееце, яго трэба паліваць некалькі разоў на дзень, інакш ён будзе жоўты… Ну як можна палічыць, колькі каштуе пакасіць "Хатынь"? Трава расце і снег падае незалежна ад нашай прыхамаці. Вось нядаўні снегапад. Гэта нечаканыя выдаткі, якія нельга падлічыць”.


За час, калі ўваход стаў платным, наведвальнікаў не паменшала. На думку дырэктара, калі людзі гатовыя плаціць нашмат большыя грошы за ўваход на "Лінію Сталіна", то будуць плаціць і за "Курган Славы".


Уваход на "Лінію Сталіна" для дарослых каштуе 20 тысяч. Квіток у Музей Вялікай Айчыннай вайны — 6500 для дарослых. Уваход на тэрыторыю Брэсцкай крэпасці пакуль вольны.


А вось Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Мінску абыходзіцца Цэнтральнаму раёну сталіцы прыкладна ў тры тысячы долараў. Як распавялі Еўрарадыё ў Мінгазе, штодзень у Вечным агні згарае каля 290 кубаметраў газу. А прадаюць яго, як іншым прадпрыемствам, за 338 долараў за тысячу кубоў. Без зніжкі на дабрачыннасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі