Попыт на долар удвая перавысіў прапанову
Але ж пры гэтым але курс не змяніўся.
Сёння, як і ўчора, курс долара на Беларускай валютна-фондавай біржы склаў 8520 рублёў. Попыт быў крыху большым за 64 мільёны долараў, а вось папярэднія заяўкі на продаж склалі толькі 37 мільёнаў 225 тысяч. Аб’ём таргоў — прыкладна 39 мільёнаў долараў. Паводле крыніцы ў банкаўскіх колах, розніцу па куплі і продажы закрыў Нацбанк, паведамляе TUT.by
Еўра ўмацаваўся на 30 рублёў і склаў 11 860 рублёў. Тут попыт перавышаў прапанову толькі на два з лішкам мільёны, агульны аб’ём таргоў склаў 18 мільёнаў 837 тысяч еўра.
Расійскі рубель падаражэў на 3 рублі да 279 беларускіх рублёў. Жадаючых набыць валюту тут таксама было болей, чым гатовых яе прадаць. Аб’ём таргоў — 632 мільёны 419 тысяч расійскіх рублёў.
19 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “яшчэ дзень-два — і долар абрынецца”. Такія спадзяванні ён ускладаў на працу адзінай сесіі БВФБ.