Квіткі на “Мілан” у інтэрнэце каштуюць танней, чым у касах стадыёна

111028 Kustouski_Bilety.mp3

Еўрарадыё заўважыла ў інтэрнэце мноства аб’яваў, якія прапануюць убачыць “Мілан” і чэшскую “Вікторыю” па коштах, ніжэйшых за намінал.

Напрыклад, пакет на два матчы на 15 сектар, які каштуе 450 тысяч рублёў, у касах “Дынама”, на адным з форумаў прапануюць за 360 тысяч.

Можна і ўвогуле назіраць за “Міланам” з віп-ложы, куды ў касах квіток не купіш. Гэта будзе каштаваць 350 тысяч рублёў.

“Ніхто нічога не будзе пытацца. Ужо не адзін чалавек так праходзіў. І на “Барселону” таксама. Гэта запрашэнні, якія раздаюцца заснавальнікам, гульцам, іх сваякам — пэўная колькасць запрашэнняў для набліжаных асоб”, — запэўніўм Еўрарадыё ўладальнік запрашэнняў.

Тым часам, з 28 кастрычніка падатковая інспекцыя пачынае шукаць жадаючых незаконна зарабіць на квітках на матч БАТЭ-“Мілан”. Хаця гаспадарчы суд Мінска яшчэ не разабраўся са спекулянтамі з мінулай гульні.

“Было складзена 5 пратаколаў, але 2 яшчэ разглядаюцца. У аднаго было 36 квіткоў, атрымаў 1,5 мільёны штрафу з канфіскацыяй. У іншага было 6 квіткоў — штраф 2,800 рублёў з канфіскацыяй”, — распавядае Еўрарадыё начальнік аддзела аператыўных кантрольных мерапрыемстваў падатковай інспекцыі па Ленінскім раёне Мінска Андрэй Жыдаловіч.

Але тым, хто прадае квіткі па кошце намінала ці танней, падатковая не можа нічога прад’явіць, бо пра ніякі даход гаворкі не ідзе.

Па словах Андрэя Жыдаловіча, такога ажыятажу, які назіраўся тры гады таму, калі БАТЭ ўпершыню трапіў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, зараз няма. Але мяркуе, што павышаная цікавасць можа з’явіцца не да “Мілана”, а да… “Вікторыі”.

Андрэй Жыдаловіч: “Увогуле, цяпер такога ажыятажу, які быў у 2008 годзе, няма. Мяркую, што перад “Вікторыяй” будзе ажыятаж. Там будзе інтрыга, бо будзе барацьба за пуцёўку ў Лігу Еўропы”.

Намеснік гендырэктара БАТЭ па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу Віктар Хадасевіч кажа, што яшчэ засталося каля 700-800 пакетаў на матчы з “Міланам” і “Вікторыяй”.

Віктар Хадасевіч: “Спачатку мы далі магчымасць нашым абанементшчыкам і членам клуба заўзятараў набыць квіткі толькі на “Барселону”. Таму яшчэ засталіся квіткі на “Мілан” і “Вікторыю”. У прынцыпе, амаль усе квіткі прадалі пакетамі. Таму зараз казаць пра нейкі асобны ажыятаж на “Вікторыю” не выпадае”.

Нагадаем, 1-га лістапада барысаўскі БАТЭ прымае “Мілан”. На думку Віктара Хадасевіча, у Беларусі італьянскага чэмпіёна падтрымае каля 300-400 заўзятараў, у тым ліку, прадстаўнікі замежных фан-клубаў “Мілана”.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі