Лазавік: Калі будзем і далей ліберальнічаць, то могуць увогуле распусціцца!
У інтэрв'ю Еўрарадыё сакратар ЦВК распавёў пра прэтэндэнтаў, якія дзейнічалі "на мяжы фолу", пра тое, чаму подпісы за Лукашэнку можна было збіраць не толькі сяб
Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтрвыбаркам плануе завяршыць раней
за пазначаны тэрмін, і агітаваць за сябе кандыдаты змогуць пачаць раней
за 24 лістапада. А вось “ліберальнічаць” на другім этапе выбарчай
кампаніі ЦВК не будзе. Пра гэта Еўрарадыё заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
29
кастрычніка — апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў
кандыдатамі ў прэзідэнты. Пасля таго, як усе подпісы будуць перададзеныя
ў выбарчыя камісіі, ЦВК будзе вырашаць: хто варты таго, каб атрымаць
пасведчанне кандыдата. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік адзначае,
што камісія паспрабуе разгледзець подпісы раней за прызначанае 24
лістапада.
Мікалай Лазавік: “Калі ў нас пачатак
рэгістрацыі 14 лістапада і па 23, то дзесьці ў сярэдзіне гэтага прамежку
і правядзем пасяджэнне камісіі. Мы да апошняга дня цягнуць не
зацікаўленыя”.
Паводле яго словаў, ЦВК хоча, каб у кандыдатаў
быў як мінімум месяц на агітацыю за сябе. Прычым, сцвярджае Лазавік,
хоць у камісіі і ёсць магчымасць рэгістраваць прэтэндэнтаў на
прэзідэнцкую пасаду па чарзе, але яны выведуць на старт усіх адначасова.
Мікалай Лазавік: “У
Цэнтрвыбаркама, зразумела, ёсць права спачатку аднаго разгледзець,
потым — другога, за ім — трэцяга. Але мы нічога такога не практыкавалі —
каб не было няроўных умоў. Усе кандыдаты павінны быць у роўных умовах. У
тым ліку і адначасова стартаваць”.
Першы этап выбарчай кампаніі адзначыўся толькі адным папярэджаннем — ініцыятыўнай групе Ўладзіміра Някляева.
Былі, кажа Лазавік, пэўныя парушэнні і ў іншых прэтэндэнтаў. Але — на
мяжы фолу. ЦВК ж на гэтых выбарах узяў курс на “ліберальнасць”.
Мікалай Лазавік:
“Некаторыя парушэнні дапускалі і іншыя патэнцыйныя кандыдаты. Але мы
досыць паблажліва ставімся да гэтых спроб дзейнічаць на мяжы фолу”.
Пад гэтую “паблажлівасць” трапіла і ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі,
якую абвінавачвалі ў шматлікіх парушэннях — калі подпісы за кіраўніка
краіны збіралі людзі, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы.
Нават адпаведнае відэа вывешвалі ў інтэрнэце.
Мікалай Лазавік: “Я
глядзеў гэтыя відэаматэрыялы. Гэты выпадак стаў прадметам разгляду на
пасяджэнні Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Мы давалі тлумачэнні:
падчас збору подпісаў запаўняць падпісны аркуш, пісаць прозвішча, імя і
імя па бацьку, адрас і пашпартныя дадзеныя мае права і памочнік сябра
ініцыятыўнай групы”.
А
ўсе скаргі на ЦВК, да прыкладу, у Генпракуратуру Лазавік лічыць
сведчаннем палітычнай актыўнасці пэўнай часткі грамадства. Праўда,
прызнаўся, што не разумее — што магло пакрыўдзіць людзей, якім Лідзія Ярмошына адмовіла ў далейшай перапісцы па пытанні незаконнасці рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Вось толькі, кажа, такога лібералізму, які ЦВК праявіў на першым этапе выбарчай кампаніі, далей не будзе.
Мікалай Лазавік: “Калі
мы скажам, што будзем і далей ліберальнічаць, то могуць жа і ўвогуле
распусціцца! І выйсці за ўсе рамкі, якія толькі можна ўявіць. Таму —
закон ёсць закон. Калі будзе грубае і свядомае ігнараванне патрабаванняў
заканадаўства, Цэнтральная камісія будзе рэагаваць жорстка”.
Што
тычыцца забеспячэння выбарчых участкаў празрыстымі скрынямі для
галасавання, то, згодна са словамі Лазавіка, у ЦВК на гэта грошай няма.
Але калі хтосьці захоча аказаць гуманітарную дапамогу, то яе з
задавальненнем прымуць.
Мікалай Лазавік: “Мы вітаем,
каб выбарчыя скрынкі былі празрыстыя, але мы нікога не прымушаем іх
набываць. Гэта справа прадпрыемства, якое абсталёўвае выбарчы ўчастак. У
нашым бюджэце на гэта грошай няма. А калі спадар Някляеў паставіць іх
на выбарчыя ўчасткі — няхай. Калі ў яго грошай так шмат”.
Еўрарадыё
пацікавілася, ці не падштурхнула Мікалая Лазавіка такая падзея, як
выбары прэзідэнта, на напісанне чарговай вершаванай нятленкі.
Мікалай Лазавік: “Ёсць
замова — пішу, няма замовы — не пішу! Я паэт-прафесіянал, па натхненні
не пішу. Ад таго, як ветрык падзьмуў ці з якога боку сонейка засвяціла, у
мяне натхненне не з’яўляецца. Прагматычны падыход: давайце замову —
напішу”.
Фота: Змітра Лукашука