Лукашэнка: “У гэтыя крызісныя часы я не набываў клюшкі…”
На ўваходзе ў канферэнц-зал журналістаў амаль не правяралі, затое на выхадзе знялі на камеру. А карэспандэнта "СБ" таямнічай цыдулкай "адправілі" у канец чаргі.
Уступная частка справаздачнай прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі нечакана атрымалася вельмі кароткай. Гэтым разам журналісты не дачакаліся палутарагадзіннай прамовы з перлінамі пра ротарныя жаткі. Амаль адразу перайшлі да пытанняў.
Еўрарадыё падалося, што пачатак прэс-канферэнцыі быў нібыта запланаваны. На падлозе ля мікрафонаў ляжалі паперкі з назвамі СМІ, прадстаўнікі якіх павінныя былі першымі там “адзначыцца”. А прэзідэнт, адказваючы на некаторыя пытанні, звяртаўся да загадзя падрыхтаваных папер.
Таму на пачатку Лукашэнка выказаўся па ўсіх “абавязковых” пытаннях. Першай спакой парушыла рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына:
— Чаму вы не падпісваеце ўказы пра памілаванне вашых апанентаў: Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Бандарэнкі. Так, яны вас пра гэта не просяць. Але вядома, што 12 іншых фігурантаў справы аб масавых беспарадках вы памілавалі без просьбы пра памілаванне, — запыталася мужная жанчына.
— І Бандарэнка, і іншыя, якіх вы назвалі, усе яны роўныя перад законам. Абсалютна канкрэтна вам адказваю: памілую, і магу памілаваць чалавека, які да мяне звярнуўся. Калі яны не звернуцца — будуць сядзець у турме, — адказаў прэзідэнт.
Пра вязняў, якія дагэтуль адбываюць пакаранне па “справе 19 снежня”, запыталіся амаль усе незалежныя журналісты. Найбольш эмацыйнае пытанне па гэтай тэме атрымалася ў журналісткі “Народнай волі” Марыны Коктыш.
Журналісты іншых недзяржаўных медыяў “даставалі” прэзідэнта бяскрыўдна, але з гумарам. Ульяна Бабаед з “Комсомольской правды в Белоруссии” спыталася, ад чаго прэзідэнту давялося адмовіцца праз крызіс.
— Спачатку прыклад эканоміі і працы па-іншаму мусіць паказаць урад, прэзідэнт...
— Ну вы верыце мне, што я лішняга не набываю? У гэтыя крызісныя часы я не набываў клюшкі, канькі… У мяне быў нармальны запас. Гарнітуры — толькі свае, беларускія.
Дарэчы, прадчуваючы, што фасон, упадабаны прэзідэнтам, неўзабаве зробіцца вельмі папулярны, за лічаныя гадзіны пасля прэс-канферэнцыі Еўрарадыё пасппрабавала замовіць гарнітур ў атэлье Упраўлення справамі прэзідэнта. Падрабязней чытайце тут.
Тым часам галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк “падбіў” гендырэктара АНТ распавесці анекдот пра Лукашэнку:
Кісель: Абама, Мядзведзеў і Лукашэнка апынуліся ў адной лодцы пасля авіякатастрофы. Усе ж з пантамі, і ніхто не хоча весці. Абама кажа: “Мы звышдзяржава, мы над усімі.” І Мядзведзеў: “Ну, мы таксама Расія...”
Лукашэнка: Ядзерная дзяржава.
Кісель: ...Ядзерная дзяржава... “Ну давай ты, Лукашэнка”. А Лукашэнка кажа: "Давайце мы прагаласуем. Як будзе, так будзе". Прагаласавалі. У выніку змяняецца карцінка анекдота: Абама грабе, Мядзведзеў грабе, а Лукашэнка сядзіць. І Абама ціха кажа: “Слухай, Дзіма, здаецца ён з нас накпіў. Нас толькі трое, а за яго прагаласавала чацвёра”. (Смех.)
Журналісты з перыферыі прыехалі да прэзідэнта, як хадакі да цара — папрасіць за сябе і за свае рэгіёны. Ці будзе працягвацца будоўля ў гарадах-спадарожніках Мінска? Ці будзе развівацца турыстычная інфраструктура Полацка? Ці будзе чым карміць будаўнікоў беларускай АЭС, калі ў Астраўцы амаль няма харчовых прадпрыемстваў?
Не грэбавалі карыстацца прэс-канферэнцыяй для задавальнення ўласных патрэбаў і сталічныя медыі. Напрыклад, рэдактар газеты “Автозаводец” папрасіў у прэзідэнта два ўчасткі зямлі ў Мінску — пад будаўніцтва жылля для рабочых. З гэтага шэрагу вылучылася хіба што журналістка з “Весніка Глыбоччыны”, якая папрасіла не за сябе, а за беларускую мову.
— Ці плануецца ў бліжэйшай перспектыве на дзяржаўным узроўні пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы?
— Адкажыце мне, калі ласка, а ў чым мы павінныя пашырыць сферу ўжытку беларускай мовы? Вось першае, другое, трэцяе.
— Першае — тое, што сёння на прэс-канферэнцыі прагучала толькі некалькі пытанняў на беларускай мове. Я ведаю, што вы і на беларускай мове можаце мець зносіны, і на рускай мове…
Віталь Зыблюк заўважыў цікавую акалічнасць. Карэспандэнту “Беларусь сегодня”, які ўжо амаль “дастаяў” да мікрафона, перадалі паперку, пасля чаго ён, па ўсім бачна, крыху збянтэжаны, сышоў у канец чаргі. Магчыма, яму давялося задаць не тое пытанне, якое ён збіраўся задаваць…
А вось прадстаўнікі іншых дзяржаўных СМІ не саромеліся задаваць Лукашэнку “праблемныя” пытанні. І ў гэтым таксама адметнасць сёлетняй выніковай прэс-канферэнцыі. У кіраўніка краіны нават выйшла спрэчка з карэспандэнтам АНТ наконт смяротнага пакарання.
— У грамадстве актыўна абмяркоўваецца пытанне смяротнага пакарання. Шмат хто выказваецца супраць пакарання смерцю, але ў яго і шмат прыхільнікаў. Як вы лічыце, ці не надышоў час звярнуцца да гэтага пытання на дзяржаўным узроўні? Магчыма, у форме мараторыя. Ці ў выглядзе ініцыятывы аб рэферэндуме. Ці не надышоў час? — задаў пытанне журналіст.
— Вы за тое, каб адмяніць смяротнае пакаранне? — перапытаў прэзідэнт.
— Я чалавек веруючы. У мяне пазіцыя адна: так, я супраць!
— Так вы лічыце, што ўсе тыя, хто галасаваў за тое, каб пакінуць смяротнае пакаранне, яны бязбожнікі і няверуючыя?
— Не, я так разумею, тады была сітуацыя зусім іншая…
І кіраўнік краіны вымушаны быў даказваць сваё гледзішча карэспандэнту. Гэта таксама было неспадзявана.
Дарэчы, пранесці на прэс-канферэнцыю можна было ўсё, што заўгодна. Галоўнага рэдактара Еўрарадыё нават не абшукалі. “Прайсці на хакей на “Мінск-Арэну” нашмат складаней”, — мяркуе Віталь Зыблюк.
Затое, па добрай беларускай традыцыі, на выхадзе з канферэнц-хола падазроны чалавек у цывільным здымаў усіх на камеру.