Лявон Вольскі са сцэны Купалаўскага праспявае Міцкевіча і Багдановіча

23 сакавіка ў Купалаўскім тэатры Лявон Вольскі прэзентуе сольны альбом на вершы беларускіх класікаў пад назвай "Белая яблыня грому".

На плыце прадстаўлена 12 песень, напісаных на вершы класікаў XIX-XX стагоддзяў: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча да Багдановіча, Купалы, Рыгора Барадуліна ды іншых. Але ўсе песні стылістычна абсалютна розныя, распавядае Лявон.

“Вершы ж розныя! Яны пісаліся рознымі людзьмі ў розныя часы. У іх прасочваюцца розныя эмоцыі. І калі я займаўся праектам – мяне забіралі ці адны, ці іншыя пачуцці, гледзячы на тое, якім быў верш”.

Стылістычная палітра, прадстаўленая Вольскім у 12-ці песнях праекту, сапраўды вельмі багатая: ёсць і стылізацыі пад хэві-метал, і поп-панк, і рэп, і электронныя стылі – сінці-рок.

“Ёсць нават мадрыгал! – працягвае Вольскі.У такім выглядзе мы запісалі старажытную баладу пра заснаванне Вільні на верш Яна Чачота. У запісе альбома ўзялі ўдзел слынныя беларускія музыканты: Аляксандр Старажук (бубны), Павал Трацяк (гітары), Аляксандр Мышкевіч (бас)".

Ці будзе працяг у гэтага праекта – пакажа час, кажа Лявон. Бо хоць і класікаў беларускай літаратуры вельмі шмат, у нашай сучаснай рэчаіснасці, як і ў шоў-бізнэсе, існуюць пэўныя цяжкасці і асаблівыя, нават эксклюзіўныя ўмовы

“Ёсць цэлая плойма рэпрэсаваных паэтаў, якія вельмі добра стартавалі ў свой час, але ім не далі па-сапраўднаму раскрыцца. Але калі гэтым займацца па-сапраўднаму– можна толькі гэтым займацца. А ў мяне ёсць шмат ідэй. Трэба зрабіць паўзу. Трэба разабрацца з дэбютным праектам, рэлізам, я ўжо не кажу пра такое магічнае слова як раскрутка!”

На прэм’еру праекта “Белая яблыня грому” музыканты думаюць запрасіць сваякоў, спадкаемцаў, родных беларускіх паэтаў, на вершы якіх складаліся песні, і знайсці залатую сярэдзіну паміж тэатральнай камернасцю і некаторымі крайнімі жанрамі, у якіх увасобіліся песні.

Вольскі: “Вядома, мы запросім людзей у тым веку, якія вытрымаюць досыць гучную музыку. Мне вельмі прыемна, што Рыгор Барадулін, які праслухаў увесь альбом, вельмі хацеў бы папрысутнічаць на прэзентацыі. І калі яму здароўе дазволіць – ён абавязкова будзе. Спадзяюся, такія добрыя эмоцыі яму не пашкодзяць!”

Гэтым праектам Вольскі спадзяецца вярнуць творчасць вядомых беларускіх класікаў у сучасны культурны кантэкст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі