Мінадукацыі: Мы маглі назваць цэны яшчэ ў траўні, але яны змяняюцца штодня
Толькі Медуніверсітэт ведае, колькі будзе каштаваць адукацыя для платнікаў. У іншыя універы паступаюць, не ведаючы коштаў...
Навучанне на Факультэце стаматалогіі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце будзе каштаваць 7 мільёнаў 980 тысяч. Гэта амаль на 500 тысяч больш, чым у мінулым годзе.
Медуніверсітэт: “Лячэбны, Педыятрычны, Фармацэўтычны факультэты — 6 мільёнаў 820 тысяч беларускіх рублёў, Стаматалагічны факультэт — 7 мільёнаў 980 тысяч беларускіх рублёў. Медыка-прафілактычны факультэт — 6 мільёнаў 210 тысяч рублёў”.
Згодна са словамі супрацоўніцы прыёмнай камісіі, кошты на платную адукацыю ў Медуніверсітэце сталі вядомыя яшчэ 10 дзён таму.
Медуніверсітэт: “У дзень адкрытых дзвераў мы давалі арыентыровачныя лічбы. Напрыклад, у 2010 годзе на Лячэбны факультэт было 6 мільёнаў 380 тысяч. А стала 6 мільёнаў 820 тысяч. На Стаматалагічны было 7 мільёнаў 490 тысяч, а стала 7 мільёнаў 980 тысяч. То бок, так моцна яны не змяняліся…”.
Выпадкаў, каб будучыя студэнты забіралі дакументы, даведаўшыся пра аплату, або скандалілі, пакуль не было.
Ва ўсіх астатніх універсітэтах канчатковых лічбаў дагэтуль няма. Яны будуць агучаныя толькі 2-га жніўня. Розніца ў тым, што Медуніверсітет належыць да Міністэрства аховы здароўя, а не Міністэрства адукацыі.
Супрацоўнік прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта кажа, што праект падалі ў Міністэрства.
БДЭУ: “Кошт зацвярджае Міністэрства адукацыі, і абяцае, што ён будзе зацверджаны 2 жніўня. Праект мы падалі… Прыблізна абітурыентам суму называем — парадку 4 мільёнаў 800 тысяч. У параўнанні з мінулым годам рост нязначны”.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце цэны на платную адукацыю будуць толькі на 11% вышэй за леташнія.
БДУ: “Цяпер мы абітурыентаў арыентуем на мінулы год. І ўсё. І кажам, што аплата павялічыцца. Рэктар аб’явіў, што на 11%, але гэта пакуль папярэдняя інфармацыя”.
У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце кажуць, што цана платнай адукацыі будзе каля 6 мільёнаў.
“Для тых, хто пытаецца, колькі ім давядзецца плаціць, такую інфармацыю мы даем. Яна яшчэ не вывешаная на сайце, але ў нас ёсць загад рэктара. Мы кансультуем тых, хто канкрэтна да нас паступае, якім будзе кошт адукацыі. У прынцыпе, гэта будзе каля 6 мільёнаў… Як і планавалася, ён падняўся ў сярэднім на 20%”.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі плаціць за адукацыю давядзецца таксама каля 6 мільёнаў.
БДУІР: “Дакладнай сумы яшчэ няма. Ёсць папярэдняя сума — гэта тое, што мы маем на сёння плюс прыкладна 20%. Гэта атрымліваецца каля 6 мільёнаў. Плюс-мінус 100-200 тысяч”.
У Тэхнічным жа ўніверсітэце цэны дагэтуль не называюць! Відаць, лічаць, што гэтая інфармацыя лішняя…
БНТУ: “Сёння зранку па радыёкропцы дыктар аб’явіў, што цэны на навучанне будуць аб’яўленыя ў нашай дзяржаве 2 жніўня. Цяпер папярэднюю цану не называем”.
Якім жа чынам абітурыенты даведаюцца, на якіх умовах яны цяпер паступаюць у ВНУ і колькі ім давядзецца плаціць за адукацыю? У прыёмнай камісіі БДУІР кажуць, што затрымка — з-за Мінадукацыі.
БДУІР: “Гэта не ад ВНУ залежыць: усе гэтыя сумы адпраўленыя на ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. Як толькі яны да нас прыйдуць, мы адразу іх скажам абітурыентам”.
Еўрарадыё пагутарыла з кіраўніком упраўлення сацыяльна- эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірынай Бебех. Згодна з яе словамі, усе цэны будуць вядомыя 1-га жніўня. Чыноўніца запэўнівае Еўрарадыё, што раней агучыць такую інфармацыю не атрымалася з-за эканамічнай сітуацыі ў краіне, бо цэны растуць штодня.
"Мы так вырашылі. Cёння цэны змяняюцца кожны дзень. Праекту бюджэту на наступны год яшчэ нават няма. Таму для таго, каб кошты былі больш дакладнымі, каб яны не змяняліся пасля, не скакалі, мы вызначыліся, што будзем правяраць іх у ліпені. 1 чысла цэны мы аддамо.
Мы маглі зацвердзіць іх яшчэ ў траўні, але за гэты час ужо ўзрасла камуналка. І што? У траўні паказаць адны кошты, а 1 верасня дзеці прыйдуць — і мы ім аб’яўляем новыя кошты…".