Міжбанк ажыве пасля 4 чэрвеня?

11 траўня Нацбанк усталяваў курс долара ў 4 тысячы 930 рублёў. Паралельна ведамства Пятра Пракаповіча зноў “рэкамендавала” камерцыйным банкам прадаваць амерыканскую валюту не даражэй за 2% ад афіцыйнага курса. Міжбанкаўскі валютны рынак гэтага ўдару не вытрымаў: аб’ём здзелак упаў да нуля.

Праз тры тыдні Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці ачуняў ён… Як там справы на міжбанкаўскім валютным рынку?

“Забарона даволі жорсткая, таму ніяк”, — распавялі Еўрарадыё ў адным з прыватных банкаў. Прадаваць долар па курсе, на якім сёння настойвае Нацбанк, кліенты не жадаюць. Ім больш даспадобы іншыя лічбы:

“Ад 6 да 7 тысяч, так можна сказаць. Розныя [кліенты], у межах сваёй інфармаванасці і апетытаў”, — паведаміла Еўрарадыё іншая крыніца ў банкаўскай сферы. Такі вялікі дыяпазон у запытах тлумачыцца тым, што ніхто дакладна не ведае, колькі патрабуюць за свае долары іншыя гульцы і колькі варта прасіць за сваю валюту.

“Калі ёсць адкрытыя таргі з вялікай колькасцю ўдзельнікаў — спрэд [ад англ. spread — розніца паміж лепшымі коштамі на пакупку (бід) і продаж (аск) — Заўв. Еўрарадыё] заўжды звужаецца. А калі ўсё адбываецца разава, прыхавана і неафіцыйна — дакладна нічога сказаць нельга. Але можна ацаніць узровень як 6-7 тысяч [за долар]”.

Па словах супрацоўніцы банка, асобныя здзелкі па курсе, прапанаваным Нацбанкам, усё ж праходзяць. На думку іншага эксперта, некаторыя ўсё ж спрабуюць абыйсці калідор у 2%:

“Некаторыя банкі неяк спрабуюць каціраваць [долар] вышэй за 7 тысяч. Але як яны з кліентамі ці кліенты з імі разлічваюцца, я дакладна не ведаю”.

Тым часам экспарцёры актыўна шукаюць спосабы схаваць валютную выручку, 30% ад якой яны ў абавязковым парадку мусяць “здаваць” на Беларускай валютна-фондавай біржы па курсе Нацбанка:

“Я нават чуў, што некаторыя экспарцёры перавялі свае кантракты ў беларускія рублі. Прадаюць за “белкі”, — працягвае эксперт. — Якая-небудзь фірма “там” (магчыма, рэзідэнт Расійскай Федэрацыі) набывае тавар за рублі. А пасля з імі ідуць бартэрныя разлікі, ці іншымі спосабамі”.

Па меркаванні суразмоўцы Еўрарадыё, такі стан спраў працягнецца яшчэ 2 дні — да 4 чэрвеня:

“Пасля 4 чэрвеня, напэўна, будзе нейкае рашэнне. Бо Расія сама пакутуе ад сітуацыі, якая тут склалася. Асабліва ўладальнікі рознага кшталту банкаў. Той жа “Ашчадны банк Расіі”, які валодае нашым “БПС-Банкам”.

Нагадаем, 4 чэрвеня ў Кіеве адбудзецца паседжанне Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС, падчас якога вырашыцца пытанне аб валютным крэдыце для Беларусі. У канцы траўня прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што гаворка пойдзе пра вылучэнне 3 мільярдаў долараў цягам 3 гадоў, а першы транш у памеры $800 млн. Беларусь разлічвае атрымаць ужо летам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі