Музыкаў “пацяжэй” з пешаходнай вуліцы Карла Маркса адправяць у Dreamland

9 траўня мінская вуліца Карла Маркса зноў стане пешаходнай. Сёлета зона для шпацыраў пашырыцца: частку вуліцы Камсамольскай, што знаходзіцца за бюстам Фелікса Дзяржынскага, плануецца аддаць пад гарадок рамёстваў і гандаль сувенірамі і хэндмэйдам. На самой жа Карла Маркса, як і летась, можна будзе паглядзець і паслухаць выступы вулічных артыстаў.

“Цягам пяці месяцаў беларускія калектывы будуць прадстаўляць свае тэатральныя пастаноўкі, музычныя творы і г.д., а мы паралельна зладзім нешта кшталту глядацкага галасавання на вызначэнне лепшых, ― дзеліцца планамі кіраўніца аддзелу культуры Ленінскага раёна сталіцы Аксана Нікіціна. ― Пераможцы аўтаматычна трапяць у фінал ― у верасні на закрыцці пешаходнай вуліцы мы хочам зладзіць міжнародны тэатральны праект. Удзельнічаць у ім будуць не толькі тэатральныя калектывы, але і ўвесь вулічны жанр”.

Заяўкі на выступы перад пешаходамі падало шмат гуртоў, што выходзяць за “ужо сфармаваны фармат вуліцы Карла Маркса”, кажуць у адміністрацыі раёна. Каб не крыўдзіць творчую моладзь і не адмаўляць у магчымасці паказаць сябе, такія “нефарматныя” калектывы адпраўляюць з цэнтра Мінска… За другое транспартнае кальцо, у парк забаваў Dreamland.

“Гэта гучныя гурты з дадатковым музычным абсталяваннем, з барабаннымі ўстаноўкамі і г.д., ― тлумачыць Аксана Нікіціна. ― Для такіх гуртоў Dreamland аддае сваю пляцоўку, з гукам, святлом і ўсім неабходным, дзе яны ўжо здолеюць паказаць сябе на поўную!”

Выступаць нефарматным музыкам прапануюць бясплатна. Так бы мовіць, за “сябе паказаць”. Але каму паказваць? Сцэну ім будуць аддаваць у працоўныя дні! Добра, што хаця б не раніцай…

“Артысты ў нас выступаюць бясплатна. Мы з іх выступаў не зарабляем, таму і яны не зарабляюць. Сцэна знаходзіцца на ўваходзе ў парк і на канцэрт людзі трапляюць бясплатна, ― безапеляцыйна кажа прадстаўніца парка Dreamland. ― Мы музыкам даём дзень, сцэну і спрабуем максімальна рэкламаваць”.

Складана сказаць, хто з наведвальнікаў парка акрамя сяброў саміх музыкаў, будзе затрымлівацца на ўваходзе, каб паслухаць канцэрт. Атракцыёны ж далей!

Толькі на адкрыцці Dreamland 1 траўня адміністрацыя парка не будзе забараняць музыкам збіраць грошы “у капялюш”, бо “выступаць яны будуць непасрэдна на тэрыторыі парка”. На адкрыццё заяўленыя гурты “Чип и Дейл”, Яnkey, The Jackets, S°unduk, Bez.Not, Doom Dance ды P.S., выступы ў межах арт-праектаў, чытанні вершаў і іншае.

“Я лічу, гэта выдатны шанец паказаць сябе публіцы, якая не ходзіць на нашы канцэрты. Своеасаблівая рэклама, ― разважае наконт заяўленых выступаў на Карла Маркса і ў парку забаваў лідарка гурта S°unduk Ганна Хітрык. ― У парку будуць дзеці, а ў нас і дзіцячыя песні ёсць… Мне падаецца, што артыст мусіць не толькі прадавацца, але і для ўласнага задавальнення нешта рабіць. Нам гэта цікава. Тым больш, на Карла Маркса гэта будзе нешта падобнае на кватэрнік, паўакустычнае, а на сцэне Dreamland ― ужо больш гучна. Паспрабуем, як будзем гучаць, і вырашым, ці будзем далей падаваць заяўкі”.

Заяўкі на ўдзел у вулічных мерапрыемствах прымаюцца непасрэдна ў адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы ці праз групу ў “Вконтакте”. Лідар гранж-гурта “МутнаевокаЯўген Змушка, якую, напэўна, “сашлюць” у Dreamland, кажа, што выступаць бясплатна не вельмі хочацца. Маўляў, "у мінулым жніўні выступалі на Карла Маркса бясплатна, спачатку акустыку, потым электрычнасць... гэта было крута, але толькі ў выглядзе адзінкавай акцыі".

Фота: vandrauniczy.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі