МЗС Украіны: Беларусь накіруе ў Лівію ваенны эвакуацыйны самалёт

Украіна ў бліжэйшыя дні плануе эвакуяваць з Лівіі 33 сваіх грамадзян. Вывезці іх абяцаюць беларускім вайсковым самалётам. Цяпер украінцы знаходзяцца ў двух паўднёвых гарадах Лівіі — Гадамес і Налюд.

"У нас ёсць інфармацыя пра тое, што беларускі бок бліжэйшым часам збіраецца адправіць у горад Гадамес, які знаходзіцца прыкладна ў 650-700 км на поўдзень ад Трыпалі, вайсковы эвакуацыйны самалёт. Там знаходзяцца тры нашы грамадзяне, якія выказалі жаданне вярнуцца ва Украіну", — паведаміў журналістам дырэктар Дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Андрэй Аляфіраў.

Па яго словах, яшчэ 30 грамадзян Украіны таксама змогуць вярнуцца дадому беларускім самалётам з горада Налюда.

"Гэтыя два гарады размешчаныя побач. Таму мы будзем, вядома, у выпадку ажыццяўлення нашымі беларускімі партнёрамі такога авіярэйсу забяспечваць эвакуацыю нашых грамадзян, якія выказалі жаданне вярнуцца ва Украіну", — заявіў прадстаўнік украінскага МЗС.

У прэс-службе беларускага Мінабароны, аднак, Еўрарадыё заявілі, што не маюць звестак пра такі авіярэйс.

Дарэчы, Украіна з 23 лютага эвакуіравала з Лівіі больш за 400 сваіх суайчыннікаў. Таксама Украіна дапамагла вывезці больш за 160 замежных грамадзян, у тым ліку семярых беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі