На Дзень волі – афтэрпаці ў стылі польскага рэгі
Гурт “Вавамаффін", які прыедзе ў Мінск 25 сакавіка, спяе пра тое, што прэзідэнт, насмарэч, ніхто іншы, як Джа!
Нагодай для прыезду польскіх стваральнікаў сонечнай музыкі стаў чарговы рэгі-фестываль. Ён называецца GreenShip і пройдзе ў Мінску ўжо ў чацверты раз.
“Ёсць некалькі прычын, чаму мы прывозім менавіта Vavamuffin – расказвае Еўрарадыё арганізатар фэсту Валерый Астаф’еў з Mamont Promo. – Па-першае, хочацца, каб у Мінск прыехала каманда, якая ў нас яшчэ не выступала. А па-другое, прывезці прафесійны гурт, варты нашага фэсту”.
Vavamuffin падышлі па ўсіх пунктах. Яны прыедуць у Мінск у складзе ажно 11 чалавек. І прыедуць не ў які-небудзь дзень, а акурат у знакавую для беларусаў дату – Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як патлумачыў нам арганізатар канцэрта, дата – чыстае супадзенне. Але фэст у яе гарманічна ўпісваецца:
Валерый Астаф’еў: “Калі разважаць з філасофскага пункту гледжання – асэнсаванне еднасці народа не можа ісці ў адрыве ад знаёмства з іншымі народамі. І прывоз польскіх музыкаў, і знаёмства з культурай суседніх краін – гэта вельмі важна”.
Каб хутка зразумець, хто такія Vavamuffin, Еўрарадыё рэкамендуе пазнаёміцца з іх самай вядомай песняй “Джа-прэзідэнт”:
Запрашаем паўдзельнічаць у конкурсе па вылучэнні Джа ў прэзідэнты разам з “Вавамаффін" і Еўрарадыё. Пераможцу чакаюць два запрашальнікі на фестываль!
На фестывалі таксама можна будзе паслухаць беларускія гурты Harotnica, BEZ.NOT і дыджэй-сэт ад Papa Bo Selektah.