Наста Хмель: Я не збіраюся станавіцца францужанкай

Еўрарадыё: Насця, аднойчы ты з’ехала вучыцца ў Польшчу, на нейкі час з’явілася на Радзіме і зноў знікла з беларускіх даляглядаў. Цяпер ты прыехала на вакацыі ўжо з Францыі, дзе стала жывеш. Што дала табе вучоба на Захадзе і чым ты займаешся ў Францыі?


Наста Хмель: У Польшчу я ўжо ехала другі раз вучыцца, таму што першы раз я вучылася ў Амстэрдаме. У Польшчы было вельмі цікава. Гэта быў такі год, калі я дадавала да сваёй музычнай адукацыі адукацыю “Мэнэджмент у сферы культуры”. Я трапіла на пазадыпломны курс у Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Самае галоўнае, што там выкладалі людзі, якія не проста з’яўляюцца прафесарамі і выкладчыкамі ВНУ, а якія самі практыкуюць і з’яўляюцца паспяховымі дзеячамі польскай культуры. Пасля вучобы я вярнулася ў Беларусь з новымі ідэямі. Вядома, тут палова ідэй адразу адпала (смяецца), але тая палова, што засталася, прыдалася. Мне вельмі падабаецца тое, што было зроблена “Джамбібумам” за апошні год майго жыцця тут. Але пасля я прыйшла да высновы, што некалі мусіць пераважаць і жыццё асабістае – не ўвесь жа час я павінна аддаваць сябе творчасці і прафесійнай рэалізацыі. Таму я паехала ў Францыю, каб працягваць сваё жыццё ў сямейным накірунку. І мне гэта вельмі цяпер падабаецца, хаця, вядома, мне не хапае той “дзвіжухі”, якая ў мяне заўсёды была тут, у Мінску. Таму я прыязджаю. Была вясной – сустрэла тут вясну. Таму што мы сем гадоў запар гукалі вясну з “Джамбібумам”. 7 гадоў гукалі, а на восьмы я раптам не прыеду? Вось цяпер таксама — я тут на вакацыях разам з маім сынулем. Тут у мяне скончылася жыццё хатняй гаспадыні, мамачкі, я зноў улілася ў мінскае музычнае жыццё і вельмі задаволеная гэтым.

Наста падчас фестываля шаманскай музыкі ў Шаблях


Еўрарадыё: Цябе нешта цяпер уразіла ў беларускім музычным жыцці? Ці зноў яго можна параўнаць з невялікім балотам?

Наста Хмель: Не. Балотца ў нас такое своеасаблівае. І гэта тое, што мы маем. Не тое, што гэта кепска ці добра. Гэта проста наша, роднае наша балотца, якое мы ўсе любім. А летам тут, як і паўсюль, таксама фестывальнае жыццё. І вось я пабывала на двух фестывальчыках у Шаблях, і яны выклікалі ў мяне розныя пачуцці. Першы – “Пікнік” – не вельмі добрыя, а другі, шаманскі, мне вельмі спадабаўся, і мне нават давялося ў ім паўдзельнічаць. Раптоўна, нечакана выйсці з латышамі, якім быў патрэбны барабаншчык. Цяпер мне ўсё тут падабаецца. Проста калі тут сядзіш, паддаешся агульнаму ныючаму настрою. А калі прыязджаеш сюды пасля доўгай паўзы, то ўсё падаецца радасным, усё зноў любіш, і нічога цябе не нервуе.

Еўрарадыё: Давай пагаворым пра “Джамбібум”. Які лёс чакае твой гурт? Ты ўжо прыдумала, якім чынам вы будзеце працягваць сваё існаванне?

Наста Хмель: Я думала, што мы ўжо спынімся, але мне было шкада, бо за той апошні год гэты праект стаў такім, якім ён, магчыма, мусіў у рэшце рэшт стаць. Я маю на ўвазе мінімальны склад з праверанымі ўдзельнікамі. А не так, як некалі – вялікая колькасць невядома каго для масоўкі. І праграма ў нас была добрая. Але так атрымалася, што жыццё нас паразводзіла, прычым, не толькі мяне, але і іншых удзельнікаў гурта. І цяпер ён ужо не збіраецца ў такім складзе. Але да маёй вялікай радасці, нас па-ранейшаму працягваюць запрашаць на канцэрты, таму трэба неяк падтрымліваць гэты праект. І ў бліжэйшы час мы рыхтуем некалькі выступаў. Прынамсі, адзін з іх адбудзецца 16 жніўня ў Графіці.Сёння “Джамбібум” – гэта праект, калі мы граем ці дуэтам, ці трыа. Дуэт – з нашым джамбібумаўскім, “старым і добрым” Грушам, якога ўсе ведаюць як этна-біт-бокс Груша. Ён абзавёўся цяпер тэхнічнымі прыбамбасамі – педалямі ды драткамі, якія яму замяняюць цэлы аркестр. І з намі таксама супрацоўнічае вельмі цікавы дыджэй-скрэтчар з імем ЭлектраФут. Вось з хлопцамі мы робім нашы старыя джамбібумаўскія хіты ў іншым, больш электронным, танцавальным, рытмічным гучанні, мяняем фарбы народных песень, якія мы выконваем. Цікава, што з гэтага атрымаецца. У траўні мы з хлопцамі з’язджаліся ў Дрэздэне, рабілі “спробу пяра”, зараз усё гэта дапрацуем і разам паглядзім, што такое цяпер гэты неўміручы “Джамбібум” (смяецца).

Еўрарадыё: Наста, а ты паспела ўжо зразумець, што такое французскі шоў-біз, і ці закарцела табе туды прабрацца? Якім ты бачыш свой далейшы музычны лёс у Францыі?

Наста Хмель: Шчыра кажучы, мяне тамашні шоў-біз увогуле не цікавіць. Таму што я жыву ў амаль што вёсачцы, у прыгожым месцы – асабліва да шоў-бізу і не даедзеш! Калі б я пасялілася ў якім буйным горадзе, то, можа, тады я і працягвала б рабіць тое, што заўсёды раблю ў Мінску, ці ў тым жа Кракаве, калі там жыла, бо там ёсць такія магчымасці. А седзячы ў райцэнтры нідзе асабліва не ўклінішся. Мне падабаецца, што там, дзе я жыву, існуе рух аматарскага музіцыравання. Там ёсць хор, капэла, дамы культуры, дзе сустракаюцца людзі, якія па-за сваёй дзейнасцю маюць музычнае хобі, і ўдзельнічаюць такім чынам у музычным працэсе. І вось у гэтых невялікіх вёсках такі рух мае плён: на святах, фестывальчыках там заўсёды выступаюць гурты. Але я нікуды не спяшаюся. І пакуль не маю патртнёраў, з якімі я магла б граць, спяваць. Па-першае таму, што я яшчэ толькі пачынаю вучыць французскую мову, а ў сельскай мясцовасці англійскай мовай валодаць ніхто не замарочваецца. То бок, пакуль я не збіраюся працягваць там музычную кар’еру, а тым больш, зарабляць гэтым грошы. Мяне цешыць цяпер тое, што я маю шмат часу, каб падумаць, каб вывучаць фальклорныя зборнікі, да якіх рукі не даходзілі, напісаць нейкія новыя апрацоўкі. То бок, гэта такі творчы адпачынак ад выканальніцтва, але з націскам на разважанні, на пошук чагосьці новага. Некалі мяне цягнула на ўсё складанае – на складаныя гармоніі, на 10 тысяч акордаў… А цяпер мне цікавае ўсё простае, але такое, каб чапляла. То бок, хочацца знайсці такую музычна-рытмічную формулу, каб яна была простая, і ў той жа час дзейнічала, была магічнай. І вось там у мяне на гэта хапае часу, я “варуся ў сваім саку” (смяецца). А ўвогуле, я ж беларуска! Я не збіраюся асімілявацца, і абсалютна не маю намеру стаць францужанкай. Мне тут падабаецца працаваць, тут ёсць столькі людзей, з якімі мы яшчэ не паспелі нічога зрабіць. А там у гэтым сэнсе мяне нічога не трымае.

Летняя фотасесія Насты Хмель і Веранікі Кругловай 


Еўрарадыё: Відавочна, што тваё жыццё будзе падобным да жыцця Веранікі Кругловай, якая за мяжой рэалізуе сябе збольшага як маці і жонка, а тут – як артыстка.

Наста Хмель: Будзе-будзе! Я нават калі з’язджала, вырашыла, што там я пушчу адзін корань, а іншы ў мяне застанецца тут. Я магу ездзіць туды-сюды, дзякуючы танным авіялініям. І мне гэта вельмі падабаецца. Бо дзякуючы асаблівасцям свайго лёсу, які мяне закідае то ў Кракаў, то ў Мінск, то яшчэ куды, я не магу доўга сядзець на адным месцы. Мне карціць некуды ехаць і нешта мяняць. Некаторыя любяць стабільнасць, калі ўсё канкрэтна і  ўсталявана. А ў мяне ў такіх выпадках пачынаецца параноя: ну вось цяпер усё ўсталюецца, і што? То бок, я за стабільнасць з перспектывай! Я б не хацела стала жыць ці ў Мінску, ці ў Францыі. Наадварот! Цяпер жа ўсе пачынаюць падобнае пракрыкаваць – з’язджаюць на зіму ў Тайланд ці Індыю, а на лета вяртаюцца ў Беларусь. І такі вось лад жыцця мне таксама вельмі пасуе. Чаму б не? Мы ўжо таксама пачынаем мысліць іншымі катэгорыямі — жыць у розных краінах робіцца натуральным.

Еўрарадыё: Ты аднавіла стасункі з Веранікай Кругловай — дзве беларускія спявачкі-эмігранткі. У вашых планах – абнаўленне рэпертуару “Кriwi” ці новы сумесны праект?

Наста Хмель: Рэпертуар “Кriwi” — гэта такая штука, у якім некаторыя песні проста павінны гучаць! Я кажу пра культавыя песні, ад якіх мы не можам адмовіцца. Мы проста спяваем іх па-іншаму, каб было цікава штораз слухаць. Вядома, мы будзем шукаць нешта новае, таму што не можам зацыклівацца на адным і тым жа. Таму цяпер у нас з Веранікай праграма, якая выглядае як мікс усяго. Але мы збіраемся ісці ўсё ж па шляху больш канцэптуальным, зрабіць новую праграму ў адным кірунку. Бо тое, што цяпер мы маем — гэта такое “з міру па нітцы”: нешта з хітоў гурта яшчэ 90-х гадоў, нешта ўвогуле новае. Нам цікава з Веранікай працаваць разам.А ўвогуле, мы ад пачатку вырашылі зрабіць нешта акустычнае, каб быць мабільнымі. Бо нам па жыцці і так даводзіцца быць мабільнымі: да Беларусі мне трэба ляцець 3000 км, да Берліну – 2000. І трэба рабіць усё так, каб быць незалежнымі ад вялікай колькасці людзей. Усе ведаюць – чым большы калектыў, тым больш ты залежыш ад графікаў гэтых людзей, і арганізаваць канцэрты, каб усім падыходзіла – гэта вельмі цяжка. Таму мы хацелі спачатку зрабіць праграму на дзве асобы – мілы акустык. А пасля, вядома. Хочацца чаго-небудзь яшчэ. Маю на ўвазе нейкі інстремент. А тут у Беларусі ў нас столькі знаёмых, якія з задавальненнем з намі папрацуюць. То бок, мы з Веранікай будзем касцяком гурта, а да нас будуць далучацца, у залежнасці ад вольнага чаму і выступу, розныя музыкі. Думаю, што пакуль гэта будзе так. Будзем працаваць у такім эксперыментальным ключы – гэта ж цікава!

Вераніка Круглова і Наста Хмель

 

Фота з Фэйсбуку спявачкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі