“Ніколі не было, каб мы вырвалі стары прыпынак і раптам паставілі новы!”
Прыпынкі ў Мінску мяняюць чацвёрты раз за апошнія 10 гадоў. Зрабіць новы каштуе… 5 тысяч долараў. Еўрарадыё даведалася, як часта мяняюць прыпынкі суседзі.
“У нас ніколі не было такога, каб мы вырвалі з зямлі стары прыпынак і раптам паставілі новы! Усе элементы замяняюцца паступова”, — дзівіцца пытанню Еўрарадыё прэс-сакратар упраўлення гарадскога транспарту Варшавы Ігар Крайноў.
У Мінску ж прыпынкі па 4 тысячы долараў прастаялі ўсяго тры гады. Наперадзе чэмпіянат свету па хакеі, кажа намеснік дырэктара “Гаррэмаўтадор” Мінгарвыканкама Анатоль Жамоздзік:
“Увесь жа горад рыхтуецца да чэмпіянату свету… Таму да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, хутчэй за ўсё, нейкая частка прыпынкаў памяняецца”.
Новы прыпынак у Мінску ўсталявалі на вуліцы Янкі Купалы, насупраць будынку былой 2-й клінічнай бальніцы. Другі — каля Дому ветэранаў.
Пакуль гэта эксперыментальныя ўзоры, тлумачаць улады. Калі яны пройдуць выпрабаванні і спадабаюцца людзям, то іх заменяць па ўсёй цэнтральнай частцы Мінска.
Прыпынак каля Дома ветэранаў вырабіла прадпрыемства “Апекс”. Як даведалася Еўрарадыё, новы прыпынак каштуе… 5 тысяч долараў! У Варшаве ж у мінулым годзе на рамонт пашкоджаных прыпынкаў патрацілі каля двух мільёнаў злотых. Гэта 430 тысяч долараў.
“Памянялі каля 17 тысяч таблічак раскладаў руху, больш за 7 тысяч знакаў, якія абазначаюць прыпынак, тры з паловай тысячы шыбаў на саміх прыпынках, каля тысячы дахаў і 900 лаваў”, — распавядае Ігар Крайноў.
Усяго ў Варшаве больш за 5 тысяч прыпынкаў. Дзелім 430 тысяч на 5 — атрымліваем, што на рамонт аднаго прыпынку ідзе ўсяго 125 долараў. У 40 разоў менш, чым пабудаваць новы прыпынак у Мінску!
Варшаўскія прыпынкі
Украінцы кажуць, што таксама звычайна не мяняюць прыпынкі. Але гэты год — выключэнне. Сёлета тут паставяць новыя прыпынкі да чэмпіянату Еўропы па футболе. Будаваць іх будуць прыватныя кампаніі.
“У сталіцы не могуць, прабачце за параўнанне, стаяць “труны” і проста знішчаць архітэктурны выгляд горада”, — кажа кіраўнік Кіева Аляксандр Папоў. Паводле яго слоў, да канца года будзе ўсталявана 613 новых прыпынкаў.
“У нас прыпынкі мяняюцца паслядоўна. Няма такога, што, напрыклад, у 2010-м усё памянялі. Гэта нятанная забава. Але мы хочам да Еўра-2012 на гэтых прыпынках зрабіць інфармацыйнае табло, якія могуць быць карыснымі для турыстаў, на якіх будзе маршрут руху транспарту, схема метро, інфармацыя па матчах”, — тлумачаць у аддзеле развіцця транспартнай інфраструктуры Кіеўскай гарадской адміністрацыі.
Па словах супрацоўніцы адміністрацыі, хутка адбудзецца конкурс, на якім вызначаць, хто будзе будаваць новыя прыпынкі. А вось кошт кожнага будзе… каля 5 тысяч грыўнаў, усяго 625 долараў.