Новага прэзідэнта ў 2013 годзе чакае фінансавы крызіс?

Упершыню сабраныя разам лічбы па пагашэнні знешняй пазыкі Беларусі. Пік прыпадае на 2013-2014 гады, піша ў сваім блогу эканаміст Сяргей Чалы. На яго думку, такі рост будзе адчувальным для беларусаў.

Чалы: “1 мільярд пазыкі ў 2012 годзе і 2,2 мільярда ў 2013 годзе... Гэта даволі адчувальна, таму што ВУП у нас прыкладна мільярдаў 40, каля 50% - гэта бюджэт. Адпаведна атрымліваецца, што трэба будзе вярнуць пазыку роўную 10% бюджэту. Даволі немалая велічыня”.







Эканаміст заклікае ўлады ўжо зараз пачынаць штосьці рабіць з такой сітуацыяй. Вынікі перадвыбарнай "раздачы сланоў" адаб’юцца на эканоміцы, і зноў узнікне неабходнасць у антыкрызіснай праграме, кажа эксперт:

Чалы: “Я проста пачынаю ўжо думаць пра тое, што будзе пасля выбараў. Што далей рабіць з эканомікай? Асноўная праблема – структурная, якая якраз палягае ў структуры пагашэння пазыкаў, якая дае даволі сур’ёзны скачок да 2013-2014 гадоў. Там трэба пагашаць расійскі крэдыт, крэдыт МВФ… Або да гэтага часу трэба ўжо рабіць штосьці з эканомікай, каб яна ўжо пачала нармальна працаваць, або трэба шукаць механізмы фінансавання гэтай пазыкі – перазаймаць, каб аддаваць”.

Цяпер у Беларусі, паводле розных падлікаў, знешніх запазычанасцяў прыкладна ад 20 да 25 мільярдаў долараў. Расказаў Еўрарадыё эканаміст Леанід Заіка:

“Пазыкі занадта вялікія. Беларускі ўрад яшчэ ніколі не меў такой праблемы, як разлічвацца па пазыках. Таму, натуральна, узнікнуць праблемы псіхалагічнага і фінансавага кшталту, калі давядзецца вяртаць. Кожная сям’я ўжо будзе вінная 1600-1800 долараў мінімальна.

Беларусь сапраўды з 2012 года будзе паступова ўваходзіць у стан флатэра — гэта з’ява, калі на высокіх хуткасцях самалёт пачынае трэсці і ў яго адвальваюцца крылы, матор, хвост… Праблема ў тым, што ўрад яшчэ не практыкаваў палітыку абавязальніцтваў па пазыках, таму для беларусаў гэта будзе адкрыццём. Калі паглядзець — гэта сапраўды давядзецца аддаваць па 2 мільярды ў год. Народ будзе радавацца, як ён добра раней жыў”.

Фота: magicseo.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі