Памер дапамогі па беспрацоўі пачынаецца ад... 35 тысяч

Крызіс крызісам, а дапамога па беспрацоўі не змянялася ўжо шмат гадоў. Справа ў тым, што яна прывязаная да базавай велічыні.
“Па кастрычніку сярэдні памер дапамогі – 92 ці 94 тысячы. Прыкладна 130 чалавек рэгіструецца кожны месяц беспрацоўных. Не ўсе маюць права на атрыманне дапамогі. Яна прызначаецца не ўсім. Наша служба – гэта ўскосна сацыяльная служба. Наша задача – дапамагчы людзям у працаўладкаванні”, -- расказала Еўрарадыё супрацоўніца аддзела па працаўладкаванні Кастрычніцкага раёна Мінска Святлана Ярошына.
Калі няма ніякага працоўнага стажу і прафесіі, то памер дапамогі па беспрацоўі складзе толькі 35 тысяч. І нават гэтыя грошы атрымаць не так проста. Для гэтага трэба два дні на месяц адпрацаваць на грамадскіх працах. Што праўда, яны таксама аплачваюцца. За дзень такой працы можна атрымаць максімум 36 тысяч, а звычайна ўвогуле толькі 20.
Здавалася б, на такія ўмовы не знойдзецца ахвотных. Аднак яны ёсць. І далёка не заўсёды гэта п’яніцы і вечныя беспрацоўныя. Студэнтка-завочніца Акадэміі МВД Вікторыя Дзядзюля два дні на месяц працуе ў Мінскім заапарку. Яна толькі стала на ўлік і нават не ведае, які памер у дапамогі па беспрацоўі.
“Я вучуся на завочным. А так як мне няма поўных 18-ці гадоў, то тут нейкі плюс, дапамога. Мяне ўладкуюць на курсы і будуць шукаць мне нейкую працу. Мяне гэта вельмі задавальняе… Я яшчэ дапамогу ні разу не атрымоўвала. Сумы дакладнай я не ведаю, не ўдакладняла”.
Разам з Вікторыяй працуе Марыя. Паўгода таму яна была вымушаная звольніцца з МАЗа, і з таго часу шукае працу з дапамогай Цэнтра занятасці. З улікам надбавак за стаж і заробленых у заапарку грошай, у месяц жанчына атрымоўвае каля... 200 тысяч.
“Я ўжо стаю з 5 красавіка. Зараз маладыя, з вышэйшай адукацыяй, усё… Хоць не нейкія капейкі разлічваеш. Плюс да ўсяго. Усё ж што ні гавары. Цяпер, ведаеце, такі час, што кожную капейку лічыш. Самі разумееце. Нешта ж плацяць. Праўда, смешная, шчыра кажучы, дапамога”.
Такім чынам нават з улікам працоўнага стажу памер дапамогі па беспрацоўі разам з заробленымі на грамадскіх працах капейкамі амаль утрая меншы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Выжыць за гэтыя грошы надзвычай складана.
Фота EPA.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі