Памежнікі не ўпусцілі ў Літву беларускі Porsche з савецкай сімволікай
За дэманстрацыю ці распаўсюд савецкай сімволікі ў Літве штрафуюць на 1000 літаў. Але беларусу штраф не прызначылі, бо яго так і не ўпусцілі на тэрыторыю Літвы.
Уночы з 30 на 31 ліпеня памежнікі спынілі на ўездзе ў Літву Porsche 996 з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. На машыне была намаляваная савецкая сімволіка – ярка-чырвоны капот быў упрыгожаны жоўтым серпам, молатам і зоркай. Дакументы 26-гадовага гаспадара машыны былі ў парадку, паведамляе сайт Delfi.
У Літве забаронена публічна дэманстраваць савецкую сімволіку, таму памежнікі паведамілі беларусу, што яго машына не зможа патрапіць на тэрыторыю іх краіны. Кіроўцу прапанавалі працягнуць падарожжа пешшу ці на аўтобусе, піша інфармагенцтва Delfi. Мужчына адмовіўся і праз некалькі хвілін вярнуўся на тэрыторыю Беларусі.