Парк 40-годдзя Кастрычніка: барацьба працягваецца
Жыхары Мінска разам з эколагамі працягваюць ратаваць парк імя 40-годдзя Кастрычніка, на тэрыторыі якога кітайскі інвестар хоча пабудаваць гасцінічны комплекс.
Пілаваць дрэвы тут пачалі ў студзені, але пад ціскам грамадскасці працы былі спыненыя. Чыноўнікі з Мінгарвыканкама абяцалі змяніць план пабудовы і захаваць значную частку парка, аднак 16 лютага дрэвы ізноў пачалі секчы.
“Мы хуценька сабралі людзей, прыехалі журналісты. Тады яны прыпынілі высечку, аднак каля пятнаццаці новых дрэваў ужо ляжала на зямлі”, — гаворыць мясцовая жыхарка Людміла Гайкоўска.
Паводле слоў жанчыны брыгаду, якая працавала тут раней і спачувала абаронцам парка, перавялі на іншы аб’ект, а на іх месца прыехалі новыя працаўнікі.
Людміла Гайкоўска: “Яны паводзілі сябе зусім па-іншаму, казалі, што не абавязаныя прадастаўляць нам ніякіх дакументаў на высечку. На вачах у людзей ссякалі блакітныя елкі, тым самым дэманструючы, што гасцініца “Пекін” тут так ці іначай будзе”.
Тады абаронцы парка ізноў запатрабавалі сустрэчы з чыноўнікамі. Ім удалося сустрэцца з прадстаўнікамі Камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама, адміністрацыі Ленінскага раёна і дэпутатамі райсавета. Згодна са словамі сябры аб’яднання “Зялёная сетка” Марыны Дубінай, самі чыноўнікі ў такіх сустрэчах не бачаць сэнсу.
Марына Дубіна: “Яны кажуць, што праектная дакументацыя не гатовая і паказваць яшчэ няма чаго. Шукаць нейкага кампрамісу таксама не мае сэнсу, бо людзі выступаюць супраць будаўніцтва гасцініцы, а ўлады ведаюць, што “Пекін” ўсё роўна паўстане. Ужо неўзабаве пачнуць капаць катлаван”.
На думку Марыны Дубінай, з дадзенай сітуацыі вынікае не толькі экалагічная праблема, але і сацыяльная: улады не жадаюць раіцца з уласнымі грамадзянамі пры прыняцці важных рашэнняў.
Марына Дубіна: “Гэта паказвае адсутнасць механізма ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, а таксама, што меркаванне грамадскасці не мае аніякай вагі”.
Тым не менш, эколагам і жыхарам навакольных дамоў удалося дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў. Улады быццам бы згадзіліся нязначна змяніць план забудовы на карысць парка. Праўда, пакуль што ізноў толькі на словах.
“Нам сказалі, што яны павялічылі тэрыторыю, на якой можна будзе пасадзіць новыя дрэўцы. Але ж мы паставілі пытанне, каб гэтыя змены былі зафіксаваныя дакументальна. Неабходна, каб гэтая ландшафтна-рэкрэацыйная зона мела свае дакументы і каб ніхто больш не мог прэтэндаваць на тэрыторыю парка”, — гаворыць Людміла Гайкоўска.
У сувязі з тым, што знішчэнне парку аднавілася, а таксама з нежаданнем уладаў адмовіцца ад пабудовы ў гэтым месцы гасцініцы “Пекін”, з позвай у суд звярнулася грамадскае аб’яднанне “Экадом”. Не бяздзейнічаюць і мясцовыя жыхары: яны падалі скаргі ў Камітэт дзяржкантролю і ў пракуратуру.
Людміла Гайкоўска: “Цяпер назіраецца тэндэнцыя, калі будоўля распачынаецца ў ландшафтна-рэкрэацыйных зонах. Мы катэгарычна супраць гэтага. Таму барацьба не скончаная”.
Барацьба працягваецца і ў інтэрнэце, дзе кожны можа падпісацца пад петыцыяй. Яе аўтары, сябры грамадскай кампаніі па выратаванні парка імя 40-годдзя Кастрычніка, патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна перагледзець прынятыя рашэнні аб забудове парка, улічыць меркаванне жыхароў горада і перанесці гасцінічны комплекс "Пекін" у іншае месца.