Паца-Ваца: Магчыма, я вярнуся на тэлебачанне, але там пакуль не да гэтага

Еўрарадыё: Ці шмат людзей у вашым асяродддзі ведаюць, што вы – той самы Паца-Ваца?

 

Аляксандр Купрыянаў: Увогуле шмат хто ведае, але я стараюся гэтага не афішаваць. Часта людзі заходзяць у Однокласснікі, В Контакте, бачаць фотаздымкі, адразу пачынаюць знаёміцца. І калі я пытаюся, навошта – адказваюць: вы ведаеце, мы на вас выраслі. Гэта самае прыемнае. Ёсць нават Клуб Пацы-Вацы, у В Контакте, дзе праводзяць розныя апытанкі.

Еўрарадыё: То бок Паца-Ваца дагэтуль папулярны?

 

Аляксандр Купрыянаў: Ну, што значыць папулярнасць? Я проста рабіў сваю справу. Ведаюць – і добра. Гэта этап жыцця, любімы этап. Я спакойна да гэтага стаўлюся. Часам дзеці ў двары просяць паказаць Пацу-Вацу, я выношу. Яны фатаграфуюцца, мне прыемна. Вось і ўсё.

Еўрарадыё: А адкуль з’явілася ідэя стварыць менавіта такі персанаж?

 

Аляксандр Купрыянаў: Справа ў тым, што ад пачатку мы хацелі зрабіць штосьці сваё. Я адразу пасля арміі, у 20 год, прыйшоў на тэлебачанне, трапіў адміністратарам у “Калыханку”, потым пачаў там іграць ваўка Вову, пра гэта мала хто ведае. І захацелася зрабіць штосьці сваё, пачалі думаць. Пачалі з легенды. Захацелася іншапланецяніна. Альфамегацэнтаўра прэвалюе, таму вырашылі, што ён адтуль. Назваць спачатку хацелі Цупа-Карацупа, але вырашылі, што будзе аналогія з вядомым памежнікам. Я абураўся, казаў што і добра, што будзе аналогія, возьмуць кніжкі і прачытаюць. Але ў выніку спыніліся на Пацы-Вацы. Прыдумалі легенду, што ён ездзіць па космасе і шукае сродак, які б дапамог уратаваць ягоную планету ад суму. Выпадкова ён трапіў на зямлю і сустрэў маленькую дзяўчынку Наташу, гэта была дачка нашага начальніка. Яна паказвае яму мультфільмы і Паца-Ваца зразумеў, што менавіта мультфільмы ўратуюць яго планету. І ў выглядзе тэлетрансляцыі ён пачаў перадаваць гэтыя мультфільмы на сваю планету і ўратаваў яе.

Еўрарадыё: З Пацам-Вацам вы больш сябе атаясамліваеце чым з воўкам Вовам, ён вам больш падабаецца як герой?

 

Аляксандр Купрыянаў: Я вам шчыра скажу, што і Паца-Ваца і воўк Вова – гэта цалкам я, мне не давялося іх іграць. Характар цалкам мой і там, і там. У мяне нават быў выпадак, калі я ішоў са сваёй начальніцай і камусьці сказаў “прывітаньне”. І яна кажа: “Ой, воўк Вова!”. Мы ўвесь час выступаем на фестывалі анімацыйных фільмаў у Магілёве “Анімаёўка”, зараз будзе пятнаццаты. Дык вось там хтосьці падышоў з сямігадовым сынам, і кажа, што сын хоча пагаварыць з Пацам-Вацам. Я апускаюся на калена і пачынаю з хлопчыкам размаўляць. А ён маўчыць. Я яму адно пытанне задаю, другое, а ён маўчыць. І раптам кажа мне: “Дзядзя, што ты ўвесь час гаворыш? Я хачу з Пацам-Вацам паразмаўляць”. Яны ўсе лічаць, што Паца-Ваца жывы. У мяне цэлая скрынка лістоў ад дзяцей, што лічаць Пацу-Вацу жывым і сапраўдным.

Еўрарадыё: А які лёс лялькі? Вы не збіраецеся аддаць яе ў музей ці прадаць на аўкцыёне?

 

Аляксандр Купрыянаў: Ну, па-першае, такіх музеяў няма. Па-другое, каму прадаваць, калі я сам з ёй гуляю. Я з ёй выступаю ўвесь час – у дзіцячых дамах, на фестывалі Анімаёўка. То бок Паца-Ваца жывы. Можа быць, я вярнуся на тэлебачанне, калі начальства захоча. Але там ім пакуль што не да гэтага. Дзіцячых праграм у нас, на жаль, вельмі мала. Паца-Ваца і прафесар, якога іграў акцёр Уладзімір Варанкоў з “Хрыстафора” на тэлерадыёкампаніі “Мір” чатыры гады вялі праграму “Мультыклуб”, гэта была радыёверсія і вечаровую казку “Для малышей и не только”. Гэта ўсё нікуды не дзяваецца.

Еўрарадыё: А калі хтосьці захоча – куды можна напісаць ліст да Пацы-Вацы?

 

Аляксандр Купрыянаў: У мяне былі лісты адрасаваныя Мінск, Пацы-Вацы. І даходзілі. Іх прыносілі да мяне ў кабінет на тэлебачанне. Бо тады ўсе гэта ведалі. Ну зараз няхай пішуць на мой адрас, ці што: Варанянскага 15/1, 463. Або няхай шукаюць па імені у Вконтакте ці на Одноклассніках. Я адказваю абсалютна ўсім. Там ёсць цікавыя фотаздымкі Пацы-Вацы. Няхай пішуць, я буду вельмі рады кожнаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі