Прэм’ера “Спектакля № 7”: “Гэта не проста страх — гэта абаср*цца можна!”
У Мінску адбылася прэм’ера пластычнага “Спектакля № 7” ад “Карняг Тэатра”. Смелы спектакль пра страхі маленькіх людзей яшчэ раз пакажуць у новым сезоне.
Пасля спектаклю на выхадзе двое дзяўчат абмяркоўвалі :
— Дзеянне адбывалася ў "псіхушцы"?
— Мне падалося, што ў нашай галаве.
У “Спектакля № 7” задумай рэжысёра было разабрацца ў страхах, што хаваюцца ў нашай галаве. А хаваецца ў кожнага сваё.
"Хтосьці тараканаў баіцца, хтосьці мышэй, а хтосьці ўмее радавацца таму, чаго няма. Гэта акурат пра сцэну, калі акцёры прыгожа танцуюць. Сцэна называецца «Хамячок». А хамячка — няма!", — кажа Насця Камароўская, PR-мэнэджар "Бо-Прома".
Па словах рэжысёра Яўгена Карняга, увесь спектакль — гэта яго ўласныя страхі і страхі яго сяброў. Яўген, напрыклад, баіцца лётаць на самалётах. Аднак, самае страшнае, што за апошні час здарылася з рэжысёрам — гэта прэм’ера яго спектакля.
"Страх пастаянна трэба пераадольваць. Асабліва перад прэм’ерай. Гэта не проста страх - гэта абаср*цца можна! Учора (у першы дзень прэм’еры - Еўрарадыё) мяне ванітавала. Глядач ужо зайшоў, 2 хвіліны да прэм’еры, а мяне ванітуе. Не з-за стрававання, а з-за страху. Мяне проста трэсла", — прызнаўся Яўген Карняг.
Страшна было сядзець на сцэне акторцы Валі Гарцуевай. Дзяўчына апынулася на высачэзным крэсле пад 2 метры і сядзела там на працягу ўсяго спектаклю. Пасля прэм’еры Валя падзялілася з Еўрарадыё, што толькі канцэнтрацыя дапамагала ўсядзець пад столлю.
"Я была засяроджаная на тым, што я раблю. І мяне, і пазваночнік гэта неяк трымала на працягу 2 гадзін. Інакш магло здарыцца штосьці дрэннае".
На шчасце, усё прайшло гладка. Акцёры Вольга Скварцова, Святлана Анікей, Аляксандр Казела, Валянціна Гарцуева і Віталь Краўчанка шчыра гралі ролі людзей, якія жывуць у сваім маленькім свеце страхаў. Тэхнічных праблем падчас дзеі не ўзнікла. Хаця ў прынцыпе здарыцца магло, што заўгодна. Яўген Карняг патлумачыў, чаму:
"Гэта першы спектакль, які я ўпершыню ў жыцці зрабіў за 10 дзён да прэм’еры. Мы рэпетавалі 4 месяцы, але рэпетыцыі былі не нармаваныя. То я з’язджаў, то хтосьці з акцёраў. У мяне было ўсё «разбіта», пасля я ўсё сабраў. Мы зрабілі 4 прагоны. Стала зразумела, што ёсць яшчэ 10 дзён, і мы пачалі “адточваць”. У апошнія тры дні, калі з’явіліся гук і святло — карцінка намалявалася".
Карціна атрымалася насычанай. Фартэпіяна ідэальна пасавала да настрою спектакля. Недарма Яўген Карняг з 300 альбомаў розных творцаў абраў менавіта музыку швейцарскага кампазітара Ніка Бёрча (Nik Bärtsch). Было б грандыёзна запрасіць Ніка нажыва агучыць "Спектакля № 7". Тады б ў новым сезоне можна было збіраць поўную залу не толькі ў Тэатры Беларускай Драматургіі. Дарэчы, калі вы не трапілі на прэзентацыю спектакля гэтым разам, “Карняг Тэатр” пакажа яго яшчэ не раз у наступным сезоне. Сачыце за падрабязнасцямі ў нашай афішы.
Фота: Цімафей Скібенка.