Пунтус і Кандрацьеў гатовыя ўзначаліць футбольную зборную

111013 Kustouski_Footbol_0.mp3

Кандыдаты на пасаду новага трэнера футбольнай зборнай Беларусі дагэтуль не называюцца. Дакладна вядома толькі тое, што нямецкі спецыяліст Бернд Штанге развітваецца з Беларуссю.


“У пачатку лістапада будзе выканкам, і там будуць абмяркоўвацца кандыдатуры. Усё, што я магу сказаць. Пакуль невядома, якія будуць кандыдатуры і калі гэта будзе агучана”, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Федэрацыі футбола Андрэй Чэпа. Паводле яго слоў, у федэрацыі на 90% упэўненыя, што на пасаду галоўнага трэнера будзе прызначаны айчынны спецыяліст. 

Супраць замежных коўчаў выступалі шматлікія беларускія трэнеры і футбольныя функцыянеры. Напрыклад, старшыня праўлення барысаўскага БАТЭ Анатоль Капскі кажа, што ў Беларусі ёсць свая нядрэнная трэнерская школа і добрыя настаўнікі, якія могуць дабівацца выніку. Але перавагу аддае трэнерам, якія змогуць сабраць моцныя трэнерскія штабы.

Анатоль Капскі: “Такімі трэнерамі могуць быць Кандрацьеў, Кубараў ці Хацкевіч. Пры ўмове, што ў кагосьці з іх хопіць магчымасці сабраць сур’ёзны трэнерскі штаб”.


Колішні трэнер нашай зборнай Анатоль Байдачны зноў узначальваць зборную не хоча і называе кандыдатуру Георгія Кандрацьева.
Анатоль Байдачны: “Я лічу, што трэба прапанаваць Георгію Кандрацьеву. Ён і вынікаў такіх дабіўся, павінна быць нейкая пераемнасць. І з Курненіным працаваў. І там быў вынік, і тут, таму я лічу, што ён варты”.


Сам Кандрацьеў ужо казаў, што калі яму прапануюць стаць галоўным трэнерам зборнай, ён адмаўляцца не будзе. Але, як распавёў Еўрарадыё Георгій Пятровіч, пакуль яму ніхто нічога не прапаноўваў.


Не супраць вярнуцца ў зборную і Юрый Пунтус, які цяпер працуе ў 2-й лізе са “Смалявічамі”. Але ці захоча федэрацыя? Калі не, то Пунтус упэўнены: у Беларусі хапае сваіх спецыялістаў.

Юрый Пунтус: “Увогуле, лічу, галоўнае, каб гэта быў беларускі спецыяліст. Яны ў нас сёння ёсць. Гэта і Байдачны, які яшчэ мае амбіцыі і эмоцыі. Гэта і Кандрацьеў, і Крывушэнка, і нарэшце, малады Ганчарэнка. Але час Віктара Ганчарэнкі прыйдзе пазней, трэба і досведу набрацца”.

 
Сярод магчымых кандыдатаў называўся Ігар Крывушэнка. Аднак і да яго федэрацыя не звярталася. Прынамсі, пакуль. 

Ігар Крывушэнка: “Ніякіх кантактаў з федэрацыяй у мяне не было. Што тут казаць, калі не было размовы”

Ігар Мікалаевіч адмаўляецца казаць, ці пагадзіўся б ён узначаліць зборную. Маўляў, калі прапануюць, тады і будзе думаць.Нагадаем, што кантракт з нямецкім трэнерам Берндам Штанге, які працуе з беларускай дружынай з 2007 года, заканчваецца 30 лістапада. Працягваць супрацоўніцтва з замежным спецыялістам Федэрацыя футбола не плануе.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі