Пуцін сёння здзяйсняе свой першы афіцыйны візіт — прылятае ў Мінск

Як інфармуе БелаПАН, падчас сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі будзе абмеркаванае аказанне нашай краіне фінансавай падтрымкі, прыватызацыя буйных беларускіх прадпрыемстваў расійскімі інвестарамі, будаўніцтва АЭС ды іншае.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маюць намер падпісаць выніковую сумесную заяву, якая пацвердзіць "агульны настрой на далейшае паглыбленне інтэграцыйных сувязяў і двухгадовага супрацоўніцтва па ўсіх накірунках".

"Мінск ў запланаваным ваяжы Пуціна — толькі прыпынак на яго маршруце ў Еўропу. Расійскага прэзідэнта рыхтуюцца сустракаць у Берліне і Парыжы... Тым не менш, вынікі расійска-беларускага саміта не могуць не паўплываць на еўрапейскія сустрэчы Пуціна", — адзначыў у каментары РІА "Новости" палітолаг Кірыл Коктыш.

Адзначым, што напярэдадні прыезду Пуціна ў Беларусь у Мінску працягваліся затрыманні і суды над апазіцыянерамі. За краты былі адпраўленыя актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі і лідар нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш. Прычым, першага схапілі падчас расклейкі плакатаў, якія, па словах Вінярскага, былі адрасаваныя прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. За кратамі пасля 15 сутак арышту пакінулі і Івана Амельчанку, які на сёлетнім "Чарнобыльскім шляху" зладзіў перфоманс "Мусарок", які набыў вялікі розгалас.

Фота — Коммерсант

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі