Радаслаў Сікорскі: Польшча можа стаць узорам для Беларусі
У Варшаве праходзіць семінар у рамках новай ініцыятывы Еўрасаюза для Беларусі пад назвай “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі”.
Выступаючы на яго адкрыцці, Радаслаў Сікорскі адзначыў, што калісьці Беларусь будзе вымушаная праводзіць рэформы ў эканоміцы. Таму вельмі важна, каб эксперты па прыватызацыі з Польшчы і з іншых краінаў ЕС падзяліліся сваім досведам з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці.
Радаслаў Сікорскі: “Спадзяемся, што надыдзе той дзень, калі беларусы самі будуць вызначаць сваю палітыку, у тым ліку і эканамічную, самі будуць кіраваць сваёй краінай. Безумоўна, яны мусяць быць да гэтага падрыхтаваныя. Дзеля гэтага і праводзіцца сённяшні семінар”.
Радаслаў Сікорскі падкрэсліў гатоўнасць Польшчы ў любой сітуацыі дапамагчы сваёй усходняй суседцы. Акрамя таго, міністр адзначыў, што Польшча 1990-х магла б служыць прыкладам для Беларусі ў правядзенні эканамічных рэформаў.
Радаслаў Сікорскі: “Мне здаецца, што Польшча ў свой час паспяхова правяла рэформы і перайшла да рынкавай эканомікі. Таму нашая краіна можа служыць добрым узорам для Беларусі. Зразумела, калі Беларусь захоча пераняць наш досвед. Тое, што першы семінар па прыватызацыі адбываецца менавіта ў Варшаве, даказвае, што Польшча надалей з’яўляецца той краінай, якая дапамагае Беларусі і на якую Беларусь можа разлічваць”.
На ўрачыстае адкрыццё семінара быў запрошаны еўракамісар па пашырэнні Еўрасаюза і палітыцы суседства Штэфан Фюле. Ён вітаў вызваленне Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі, але падкрэсліў, што гэтага недастаткова для аднаўлення паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.
Штэфан Фюле: “Важна стварыць станоўчы вобраз будучай Беларусі. Асновай гэтага павінны стаць дыялог і мадэрнізацыя эканомікі. Наша дзейнасць дапаможа вызначыць пункты перасячэння, таго, як павінна выглядаць сучасная дэмакратычная Беларусь”.
Досвед еўрапейскіх краінаў будзе карысным для Беларусі і паводле меркавання апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі, які таксама прымае ўдзел у семінары.
Анатоль Лябедзька: “Гэты досвед можа быць выкарыстаны сёння, але верагоднасць гэтага невялікая. А вось тое, што гэта будзе выкарыстана пасля сыходу Лукашэнкі, я ў гэта веру ў значна большай ступені”.
Варшава — першая еўрапейская сталіца, якая прыняла семінар “Прыватызацыя і прыватнае прадпрымальніцтва”. Наступныя семінары па пытанні прыватызацыі ў Беларусі адбудуцца ўжо ў іншых краінах Еўропы.