Раманчук спыняе збор подпісаў, а АГП рыхтуецца да партыйнай "чысткі"

Яраслаў Раманчук сабраў 110 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты і вырашыў спыніцца. Пра гэта заявіў начальнік выбарчага штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

Леў Марголін: “Зараз падаб’ем канчатковыя вынікі і спынім збор. Бо гэта ўсё ўпіраецца ў рэсурсы, найперш — фінансавыя. У нас няма лішніх грошай, каб імі раскідвацца. Таму кампанія, якая называецца малабюджэтнай, мае колькасныя абмежаванні і абмежаванні па часе”.



Згодна з яго словамі, праблем са зборам подпісаў у падтрымку Раманчука не было.

Леў Марголін: “Вялікіх праблем з подпісамі не было. Людзі ставілі подпісы ахвотна і на пікетах, і падчас абыходаў кватэр. Выбаршчыкі дзеляцца на дзве катэгорыі. Ёсць людзі, якія свядома падпісваюцца за Яраслава Раманчука і не падпісваюцца, да прыкладу, за Някляева ці Саннікава. Як ёсць, напэўна, і тыя, хто падпісваецца за іх, але не падпісваецца за нас. Пераважная большасць людзей — якія падпісваюцца за ўсіх кандыдатаў, прытрымліваючыся такога пункту гледжання: “Хоць хто, але толькі не гэты”.

Подпісы, кажа Марголін, збіралі па ўсёй краіне, але найбольш актыўна — у 52 рэгіёнах. “Выпаў” толькі Гомель. Але, распавядае кіраўнік ініцыятыўнай групы Раманчука Анатоль Паўлаў, не па віне зборшчыкаў подпісаў, а з-за недэмакратычнасці самога Гомеля.

Анатоль Паўлаў: “Дзіўная сітуацыя з горадам Гомелем. Не першы год і не першыя выбары ён дастаткова пасіўны з пункту гледжання дэмакратычных кандыдатаў. Мы нават накіравалі туды выязны пікет, які сабраў толькі 600 подпісаў за 5 дзён. І мясцовыя казалі, што гэта добры вынік. У нас па Заслаўі ходзіць чалавек — ён адзін сабраў больш за 400 подпісаў. А Гомель жа з Заслаўем не параўнаць!".



Да прыкладу, у Бабруйску за Раманчука сабралі больш за 11 тысяч подпісаў. Гэта, кажа Паўлаў, выклікала здзіўленне нават у штабе, і ўсе подпісы адтуль пераправерылі некалькі разоў. Шмат подпісаў сабрана і ў Віцебску, і ў Наваполацку, і ў Воршы, і ў Мінскай вобласці.

Найбольш актыўна за намесніка старшыні АГП, як прызнаўся сам Раманчук, падпісваюцца жанчыны ўзростам ад 25 да 45 гадоў.

Яраслаў Раманчук: “Яны адразу глядзяць на фотакартку, на плакаты і — падпісваюцца. Галасаванне душой, візуалізм нейкі ёсць. Чаму? Гэта ірацыянальная рэч. Таму патлумачыць, чаму гэта адбываецца, нельга”.



Калі сам прэтэндэнт у прэзідэнты і сябры яго штаба нахвальвалі працу зборшчыкаў подпісаў і актыўнасць выбаршчыкаў, то старшыня АГП Анатоль Лябедзька зрабіў аналіз гэтага этапу выбарчай кампаніі з пункту гледжання партыйнай дысцыпліны. І паабяцаў зрабіць аргвысновы.

Анатоль Лябедзька: “Мы на гэтым этапе дазволілі ўсім працаваць так, як хто хоча — мы зацікаўленыя ў рэгістрацыі як мага большай колькасці дэмакратычных кандыдатаў. Але нагадаю, што ў нас ёсць рашэнне палітычнай рады партыі. Згодна з ім, тыя, хто не ўвайшоў у ініцыятыўную групу Яраслава Раманчука, але працаваў у іншых камандах, павінен альбо напісаць заяву аб выхадзе з партыі, альбо прыпыніць сяброўства ў партыі. Калі яны абышліся ў гэты час без партыі, то і партыя абышлася без іх. Мы, відаць, заменім гэтых людзей на тых, для каго АГП — не толькі лэйбл”.



Паводле яго словаў, АГП аказала “гуманітарную дапамогу” Някляеву і Саннікаву — сябры партыі збіралі подпісы і за іх. Але калі гэтыя чальцы ініцыятыўнай групы адначасова працавалі і на Раманчука, то, кажа Лябедзька, ніякіх прэтэнзій да іх не будзе.

Еўрарадыё пацікавіліся ў Раманчука ягоным стаўленнем да абяцання Лукашэнкі, якое ён даў прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайтэ наконт рэгістрацыі ўсіх апазіцыйных прэтэндэнтаў кандыдатамі ў прэзідэнты.

Яраслаў Раманчук: “Калі зарэгіструюць усіх, хто нават не сабраў, а намаляваў гэтыя подпісы, то як можа ісці размова наконт выбару адзінага кандыдата? Гэта будзе хаос. Таму мы лічым, што нельга дапускаць сітуацыі, калі людзі, якія гэтага не зарабілі, будуць удзельнічаць у працэдурах, якія важныя для ўсіх дэмакратаў”.

У сваю чаргу Анатоль Лябедзька зазначыў, што такія заявы Лукашэнкі сведчаць пра тое, што нават рэгістрацыя прэтэндэнтаў у кандыдаты ў нас адбываецца не паводле заканадаўства, а паводле палітычных меркаванняў. Маўляў, хто будзе зарэгістраваны, мусіць вырашаць Цэнтрвыбаркам, а не прэзідэнт.



На наступным тыдні пачнуць фармавацца ўчастковыя выбарчыя камісіі. АГП, кажа Леў Марголін, плануе толькі ў сталічныя камісіі вылучыць 300-400 сваіх сябраў. Па тым, як пройдзе рэгістрацыя, адзначае ён, будзе бачна, наколькі дэмакратычным будзе працяг выбараў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі