“Расатам”: “Два гады гарантыйнай эксплуатацыі АЭС — сусветная практыка”

120629 Savi4 AES.mp3

“Я прачытаў пагадненне, што заключанае паміж Расіяй і Беларуссю. Там сказана, што тэрмін эксплуатацыі АЭС складае два гады", — гаворыць Еўрарадыё актывіст антыядзернага руху Андрэй Ажароўскі.

Артыкул трэці Пагаднення сапраўды вызначае “перыяд гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі” АЭС — "на працягу двух гадоў з даты падпісання заказчыкам і генеральным падрадчыкам акта аб перадачы блока заказчыку ў гарантыйную эксплуатацыю".

Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні да Міністэрства энергетыкі. Там адказваюць, што нельга блытаць тэрмін службы АЭС з гарантыяй на пыласос. У Астраўцы расійскія спецыялісты будуць на працягу двух гадоў тэставаць станцыю ў розных рэжымах.
Мінэнерга: "Спецыялісты "Расатама" павінны здаць станцыю працаздольнай. Таму расійскія спецыялісты сумесна з беларускімі будуць на працягу двух гадоў правяраць працу электрастанцыі, у розных рэжымах, у тым ліку і ў рэжыме перагрузкі, і толькі пасля гэтага аддадуць яе ў распараджэнне беларускага боку. У генеральным кантракце гарантыйны тэрмін на эксплуатацыю будзе падпісаны".

У прэс-службе “Расатама” звяртаюць увагу на тое, што два гады гарантыйнай эксплуатацыі — “сусветная практыка”.

“Гарантыйны тэрмін на год ці два на ўсю станцыю — міжнародная практыка. Пасля гарантыйнага тэрміну ўступаюць у дзеянне так званыя тэрміны службы на кожную адзінку абсталявання. Гэта ўжо адказнасць арганізацыі, якая эксплуатуе. Кожны выраб павінен праходзіць рэгламентныя работы, ад якіх у выніку і залежыць тэрмін службы. Калі якая дэталь зламаецца, вы хочаце, каб яе рамонт Расія ўвесь час фінансавала, ці што?”.

На гэта Андрэй Ажароўскі заўважае, што генеральны кантракт яшчэ не заключаны — спасылацца на гэты дакумент пакуль немагчыма.

“Давайце размаўляць пра тое, што існуе. Генеральны кантракт не падпісаны. Яго падпісанне ўвесь час адцягваецца, бакі таргуюцца. Узяць, да прыкладу, кітайскую атамную станцыю, якую будавала Расія. Там была такая ж сітуацыя. Пакуль Расія за штосьці адказвае — гэта два гады — тэрмін гарантыйнага абслугоўвання. Расія дапрацоўвала станцыю два гады, і кітайскі бок атрымаў станцыю ў сваё карыстанне. Расійскія спецыялісты працягваюць там працаваць, але ўжо за кітайскія грошы”.

Не тое каб беларусы хацелі, каб Расія аплачвала нам усе паломкі — дастаткова, каб гэтых паломак не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі