Скарачэнне па-чыноўніцку: міністэрствы не будуць браць маладых спецыялістаў

130320_savich_skarachenni.mp3

“Спачатку мы возьмем, а потым скарачаць? Выплаты рабіць? Да таго ж мы павінны будзем даць ім два гады адпрацоўкі, а як? Скарачаць больш вопытных і дасведчаных спецыялістаў?!” — пытаюцца ў мяне ў Міністэрстве па падатках і зборах.

 
Скарачэнне чыноўнікаў, на думку Аляксандра Лукашэнкі, дазволіць падвысіць ім заробкі. Вось з гэтай прапановай падаткавікі цалкам згодныя. 

“У мінулым годзе мы прыходзілі ў ВНУ і прапаноўвалі аклад — 840 тысяч рублёў. Да нас ніхто не ішоў, бо дзе ж гэта бачылі, каб у Мінску жыць на 100 долараў і кватэру здымаць. А падпрацоўваць нам нельга нават у інтэрнэце — бо такі закон аб дзяржслужбе”, — скардзяцца ў падатковай інспекцыі. 


У Мінгандлю спадзяюцца, што скарачэнне будзе. Разумным.


“Кіраўнік будзе вырашаць, як падыходзіць да гэтага пытання. Калі гэта вельмі добры спецыяліст, вельмі годны, чалавек пенсійнага веку, гэта не азначае, што яго скароцяць”. Мінгандлю даводзіць Еўрарадыё, што ў іх скарачэнне прайшло, калі да іх… далучылі “Белбыт”. Надалі шэраг новых функцый. 


Міністэрства эканомікі разам з Міністэрствам архітэктуры ад усялякіх каментароў адмаўляюцца — маўляў, няма ніякага ўказа!


“Працуюць людзі, усё спакойна. Калі будзе ўказ — будзем дзейнічаць паводле яго", — дыпламатычна кажуць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. 


А вось Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пэўна, ужо скарацілі — нягледзячы на шматгадзінныя спробы датэлефанавацца хаця б у прыёмную міністра, там проста не бяруць слухаўку.


Разумней за ўсіх зрабіў Нацыянальны банк: замест  25% работнікаў тут скарацілі болей за 40% яшчэ паўтары гады таму — кіроўцаў, інкасатараў, прыбіральшчыц і частку банкаўскіх службоўцаў. У Нацбанку адзначаюць, негледзячы на скарачэнне прыбіральшчыц, у іх чыста і прыбіраць ёсць каму. 

 

Старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Стаўбцоўскага раёна Анатоль Багдан кажа Еўрарадыё, што скарачаць сельскія выканкамы няма чаго — тут і так працуе па тры чалавекі:


“Трэба, каб на суботнікі прыходзілі людзі, сачыць за прыборкай снегу, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, пенсіянераў праверыць. Каб наша краіна выглядала не горш за Еўропу!”. 


Чыноўнікі аблвыканкама адчуваюць сябе не так спакойна, як у міністэрствах. У Гродзенскім аблвыканкаме кажуць, што пенсіянерам дапрацаваць дадуць.


“Будзем вельмі спакойна скарачаць. Улічваць чалавечы фактар. Мо дзяцей многа ці да пенсіі патрэбна дапрацаваць...”.

 
Працаваць па-новаму тут пачнуць з 1 чэрвеня — менавіта тады завяршыцца скарачэнне чыноўнікаў.

Фота — dknews.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі