Снапкоў: “Чым менш казаць пра крызіс, тым меншая яго верагоднасць”
На пытанне аб абвале 2011 года міністр эканомікі мяркуе: “Дзеянні ўрада нельга называць памылкамі, паколькі мы такім чынам развіваліся”.
― Ці можаце вы сёння патлумачыць, з-за чаго здарыўся абвал эканомікі ў 2011-м годзе? І ці больш мы застрахаваны ад паўтору такіх жа катаклізмаў сёння? ― задаем пытанне міністру эканомікі Беларусі Мікалаю Снапкову падчас яго прамой лініі ў газеце “Рэспубліка”.
Мікалай Снапкоў: Вам шчыра сказаць? Чым менш мы будзем казаць пра крызіс, тым меншая верагоднасць, што ён адбудзецца. Крызіс перш-наперш у мазгах. Я ў гэтым глыбока перакананы. Чаканні, нагнятанні абстаноўкі, інсінуацыя, мусіраванне ў прэсе экспертамі ніякім чынам не прыносяць пазітыўнага выніку. Самае складанае ў эканоміцы ― гэта псіхалогія. Таму мой вам адказ: чым менш мы будзем казаць пра гэта, тым лепш.
Мне ўяўляецца, што ўрад зрабіў высновы з 2011-га года і годна выйшаў з гэтай сітуацыі. Я не хачу сёння тут і цяпер, у 2013-м годзе, абмяркоўваць тое, чаму гэта адбылося. Нямала было прысвечана гэтаму пытанню пасяджэнняў Саўміна, у тым ліку і прэзідэнт даваў ацэнкі дзеянняў ураду. Усё аб’ектыўна, усё мае сэнс. Нам патрэбна глядзець у заўтра, кіруючыся папярэднім досведам і робячы правільныя высновы з тых памылак, якія былі ў папярэднія гады. Іх нельга называць і памылкамі, паколькі мы такім чынам развіваліся.
Многія краіны дагэтуль у падобнай сітуацыі, неразвіцця, скажам так. Эканамічны блок ураду зробіць усё магчымае з пункту гледжання збалансаванага развіцця эканомікі. А з боку эканамічных агентаў (прадпрыемстваў, насельніцтва, кожнага з нас) самае важнае ― гэта спыніць мусіраванне тэмы.
―Мікалай Генадзьевіч, і ўсё ж такі, калі б у 2011-м годзе людзі не кінуліся да абменнікаў, ці ўдалося б пазбегнуць крызісу?
Мікалай Снапкоў: Мне складана адказаць на ваша пытанне. Гэта складнік аднаго цэлага. Гэта не ёсць прычына, але і не ёсць следства.
―Ці пасля таго ўроку наша эканоміка змяніла курс, ці стала яна развівацца інакш? Ці можаце сказаць, што сёння мы больш застрахаваны ад паўтору такога?
Мікалай Снапкоў: Мы лічым, так. Развіццё эканомікі сёння мае больш якасны характар і больш збалансаваны.
Нагадаем, што ў першай палове 2011 году купіць валюту ў абменніках стала больш складана, чым атрымаць шэнгенскую візу. Цэны ў крамах выраслі прыкладна ўдвая. У выніку давялося правесці дэвальвацыю рубля. Многія эксперты прычынай крызісу назвалі тое, што перад прэзідэнцкімі выбарамі штучна “нацягвалася” сярэдняя зарплата, выдаваліся рублёвыя крэдыты на льготнае жыллё, нягледзячы на інфляцыю.
Фота TUT.BY