Сярэдні ўзрост беларускага дэпутата — амаль 56 гадоў

120829 Eurafokus.mp3

“Мне падаецца, наш кандыдат стаў некалькі старэйшы. Моладзі, да 30 гадоў, раней, асабліва не першасным узроўні, было больш. Зараз узрост прэтэндэнтаў — ад 30 да 50 гадоў”, — адзначыла 24 жніўня старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына.


І гэта тычыцца толькі патэнцыйных дэпутатаў. Каб даведацца пра ўзрост дзеючых, тэлефаную ў Палату прадстаўнікоў.

“Гэта трэба рабіць выбарку. Такой інфармацыі няма. Самы старэйшы хто, не памятаю, а самы малады дэпутат у нас — 1978 года нараджэння”, — расказваюць у прэс-службе беларускага парламента. 

Атрымоўваецца, што нашаму самаму маладому дэпутату 34 гады. А сярэдні ўзрост Палаты прадстаўнікоў — 55,8 года.

Для параўнання: сярэдні ўзрост дэпутата ў Польшчы — 50 гадоў. Самаму старэйшаму — 73 гады, а самаму маладому ў гісторыі Польшчы дэпутату Яну Зёбру толькі праз тыдзень споўніцца 23 (!). Малады палітык прадстаўляе ў парламенце інтарэсы моладзі. Напрыклад, стараецца дапамагчы тым, хто не можа знайсці працу. Ян Зёбра тлумачыць Еўрарадыё, дзякуючы чаму яму ўдалося зрабіць палітычную кар’еру ў такім маладым узросце.

Ян Зёбра: “Зараз адбываецца пэўная змена ў польскай палітыцы. Гэта ўсе старыя палітыкі, можна сказаць, не тое што не прымаюцца грамадствам, але зараз людзі з цікавасцю глядзяць на новых, маладых палітыкаў, якія не замешаныя ў ніякіх аферах 1990-х ці пачатку 2000-х гадоў”.

У літоўскім сейме Еўрарадыё рапартуюць: сярэдні ўзрост літоўскага дэпутата — 49,5 года, самаму маладому — 26 гадоў, а старэйшаму – 72.

У латвійскім Сейме даволі шмат палітыкаў 29-30 гадоў. Дарэчы, і латвійская сталіца можа пахваліцца маладым мэрам Нілам Ушаковым, якому 36 гадоў (для параўнання: мінчаніну Мікалаю Ладуцька 53 гады).

Дык чаму ж еўрапейскія дэпутаты маладзейшыя за беларускіх?

“Гэта звычайная тэндэнцыя. Чым больш дынамічнае развіццё, тым маладзейшыя кіраўнікі ў краіне. Гэта тычыцца і дэпутатаў, і прызначаных чыноўнікаў. Чым больш застойная сітуацыя, тым старэйшыя кіраўнікі, тым маруднейшая ратацыя”, — кажа палітолаг Уладзімір Мацкевіч. І дадае, што стварэнне нейкіх квотаў на прадстаўніцтва ў парламенце пэўных сацыяльных груп, будзь то моладзь, наўрад ці дапаможа.

Уладзімір Мацкевіч: “Трэба стымуляваць. Каб моладзь ішла і імкнулася да гэтага. Трэба запусціць дынамічныя, хуткія рэформы. І тады будзе высокая канкурэнцыя, і ў гэтай канкурэнцыі маладыя, адукаваныя, крэатыўныя, таленавітыя будуць мець перавагу. Яны будуць выйграваць”.

На думку эксперта, у “застойным” грамадстве назіраецца адсутнасць ратацыі кадраў не толькі ў парламенце. І прыводзіць у прыклад беларускую апазіцыю, дзе ўжо шмат гадоў усё тыя ж лідары.

Магчыма, беларускім палітыкам трэба браць прыклад у беларускіх спартоўцаў? Так, футбольным клубам “Гомель” кіруе, і даволі паспяхова, Яўген Пабаловец, які нарадзіўся ў 1979 годзе. А дырэктарам мінскага футбольнага “Дынама” нядаўна прызначылі зусім маладога, 24-гадовага, Ігара Пугача.

Фота: house.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі