Танец з бюстамі савецкіх ідалаў

120214 Kotka X Tradycyia.mp3

Беларускі скульптар Заір Азгур, які стварыў неверагоднай прыгажосці чалавечыя скульптуры (і няважна, што пераважна скульптуры Маркса, Леніна і Сталіна) — думаю, не мог і ўявіць, што праз паўстагоддзя ягоныя працы скарыстаюць як дэкарацыю для спектаклю.

Гэты спектакль меў назву “Х-Традыцыя”, прайшоў у музеі-майстэрні Азгура ў суботу 11 лютага і з’яўляўся вынікам двухтыднёвага воркшопу, які зладзіў для акцёраў з Еўропы Вячаслаў Іназемцаў, дырэктар пластычнага тэатру “ІнЖэст”.


“Х-Традыцыя — гэта ўмоўная назва, — распавядае Еўрарадыё Вячаслаў. — Звычайна, калі я раблю воркшоп-праекты, яны заканчваюцца сумесным спектаклем, і каб іх неяк называць, мы прыдумалі назву Х-Традыцыя. Для гэтых спектакляў мы выкарыстоўваем форму site-specific — гэта імправізацыя, якая адштурхоўваецца ад асаблівасцей прасторы”.


То бок спектакль прыдумляўся на хаду. Падчас навучання, дзень за днём ствараліся вобразы і ідэі, як уцягнуць сотню скульптур, якія змяшчаліся ў музеі-майстэрні, у тэатральнае дзеянне. Працавалі над гэтым 7 замежных “студэнтаў” і каля 10 студэнтаў і акцёраў студыі “ІнЖэст”, і, зразумела, сам Вячаслаў Іназемцаў, які вучыў рухацца ў традыцыях танца “бута” і танца жывёл, а таксама ўзаемадзейнічаць з прасторай.


“Самае галоўнае для мяне, чаму навучыў нас Слава, гэта тое, што наша цела не рухаецца,  падзяліўся ўражаннямі акцёр з Аўстрыіі Ёханэс Штубэнфоль. Наша цела як бот. Стаіць і усё, і пачынае рухацца толькі тады, калі ў боце з’явіцца нага і пачне яго рухаць. То бок у кожным сваім руху мы мусім знайсці гэтую “нагу”, тое, што намі рухае знутры і звонку”.



“Слава пазнаёміў нас са сваім метадам, які вельмі цікавы, і ў той жа час, вельмі складаны, — працягвае актрыса з Нарвегіі Соня Салковіч. — Ён працуе з пяццю элементамі — вада, метал, дрэва, іншымі, і калі рухацца “як вада” было лёгка і прыемна, то як метал, ці дрэва, было вельмі, вельмі складана і незвычайна паспрабаваць”.


І вось вынік — спектакль, які на 100% быў завязаны на ўсіх скульптурах, якія прысутнічаюць у музеі-майстэрні. Акцёры, пафарбаваныя ў белы колер (у традыцыях бута), босыя, лазілі як прывіды па полках, на якіх стаялі бюсты, пераўтвараліся ў гіпс, у сабак, у партызанаў, у нямецкіх салдатаў, у брэжневых, у бяспечных дзевачак, у перажыванні страты любімага чалавека, у... вобразаў было вельмі шмат, і ўсе яны дакладна ўпісваліся ў прастору і час.


“Мы вельмі шчаслівыя, што нам дазволілі папрацаваць з гэтым месцам, — кажа Соня Салковіч. — У Берліне, дзе я жыву, такіх скульптур ужо не знойдзеш, а калі знойдзеш — гэта такія ўнікальныя экспанаты, і ніхто табе не дазволіць да іх дакранацца. Так што для мяне гэта быў вельмі ўнікальны досвед”.


Дарэчы, напрыканцы спектаклю ўсіх запэўнілі, што “ніводная скульптура не пацярпела”, бо такія думкі закраліся, калі адзін з акцёраў смачна нештачка разбіў.

 

Як і жыццё, гэты спектакль ніколі больш не паўтарыцца — такая спецыфіка імправізацыі і “Х-Традыцыі” — у адзін дзень і час сустракаюцца акцёры, робяць разам шэдэўр, а пасля раз’язжаюцца, поўныя натхнення і жадання ўплятаць атрыманы досвед у сваіх тэатрах.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі