Таццяна Севярынец: Трэба, каб у Сяргея Каваленкі з'явілася жаданне жыць
Група віцебскіх актывістаў звярнулася да старшыні абласнога суда з просьбай змяніць меру ўтрымання сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку.
Нагадаем, ён быў асуджаны на 2 гады і месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй "хіміі", якая была прысуджаная яму за вывешаны на галоўнай ёлцы Віцебска бела-чырвона-белы сцяг. Сяргей Каваленка галадаў за кратамі, цяпер ён знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні ў калоніі "Віцьба-3", дзе яго кормяць прымусова.
Вось што распавяла Еўрарадыё Таццяна Севярынец пра сутнасць звароту:
120403 SieviaryniecTacciana.mp3
"Мы прыбралі ўсе палітычныя моманты. Мы проста выказалі занепакоенасць жыццём, лёсам, здароўем Сяргея Каваленкі і звярнуліся да старшыні абласнога суду, каб Сяргею змянілі меру ўтрымання і перавялі ў грамадзянскі шпіталь для таго, каб ён паправіў сваё здароўе... І дзеля таго, каб жаданне жыць з'явілася ў Сяргея, жаданне скончыць, прыпыніць гэтую галадоўку".
Разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі прызначаны на 10 красавіка.
Таксама віцебскія актывісты прынялі зварот да міжнароднай супольнасці, палітычных партый і грамадзянскіх арганізацый з просьбай змагацца за вызваленне Каваленкі.
Фота — news.vitebsk.cc