Тэатр просіць вярнуць квіткі, бо на спектакль пойдуць іншыя людзі
"Простыя смяротныя" ўсё ж маюць шанец трапіць на яго, але вядома пра гэта будзе толькі непасрэдна перад пастаноўкай
Слухачы "Еўрарадыё" звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай, дапамагчы выратаваць... вечар у тэатры. Яны набылі квіток у Беларускі дзяржаўны музычны тэатр на прэм'еру "Правдивая история поручика Ржевского", якая мусіла адбыцца 9 ліпеня. Нечакана на сайце тэатра з'яўляецца абвестка з просьбай... вярнуць квіткі. Бо на гэты дзень прызначанае нейкае спецмерапрыемства.
"Гэта не адмена, проста ў нас выкупілі гэты спектакль, - яшчэ больш здзіўляе Еўрарадыё адміністратар Музычнага тэатра Анастасія Стрэліцкая. - То бок у гэты дзень будзе гэты ж спектакль, але не для агульнага гледача, а для вузкага кола людзей".
Што гэта за вузкае кола людзей тэатр раскрыць адмовіўся:
"Сакрэт! Такая інфармацыя не разгалошваецца!".
У гэтым сезоне запланаваныя толькі дзве пастаноўкі "Подлинной истории поручика Ржевского". Другая адбудзецца днём раней, вольных квіткоў на яе ўжо не засталося. Але супрацоўнікі тэатра лічаць, што такая сітуацыя цалкам нармальная, сваіх наведвальнікаў яны ніяк не крыўдзяць!
"Чаму пракінулі? Тэатр мае права замены і адмены спектакля!" - здзіўляецца адміністратар на пытанне Еўрарадыё, ці лічыць тэатр гэта нармальным?
Паводле словаў аддзела па рэалізацыі, на 9 ліпеня паспелі набыць каля 40 квіткоў, але потым продаж спынілі. Відаць, для Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра такая колькасць наведвальнікаў за два з лішнім тыдні да прэм'еры - вельмі дрэнны паказчык. Нагадаем, вольных квіткоў на пастаноўку днём раней няма – аншлаг.
"З-за таго, што было прададзена мала квіткоў, гэты спектакль прадалі арганізацыі, якая будзе распаўсюджваць квіткі сярод сваіх супацоўнікаў, - тлумачыць старшыня Аддзела па справах мастацтва ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч, да якога звярнулася "Еўрарадыё" з пытаннем аб правамернасці такіх дзеянняў тэатра. - Ніякіх праблем з вяртаннем квіткоў не існуе. Людзям вяртаюць грошы адпаведна з заканадаўствам. Усё вырашаецца на месцы, калі людзі прыйдуць па гэтых дзесяці квітках, то адміністрацыя тэатра гэтае пытанне вырашыць на месцы".
Такім чынам, "простыя смяротныя", якія ўсё ж набылі квіток на другую прэм'еру "Правдивой истории поручика Ржевского", усё ж маюць шанец трапіць на яе. Праўда, дакладна гэта будзе вядома толькі непасрэдна перад пастаноўкай.
Фота: drama.grodno.by